Украінскі гурт „Ot Vinta” трапіў у Польшчы пад забарону
Украінскі гурт можа не трапіць на Купалле ў Дубічы Царкоўныя.
Праз два тыдні гурт „Ot Vinta” з Роўна мае выступіць на Падляшшы, але да гэтага часу невядома, ці прапусцяць музыкаў праз мяжу.
Пра гэта выданню „Gazeta Współczesna” паведаміў старшыня Саюзу ўкраінцаў Падляшша Анджэй Артэмюк.
Гурт „Ot Vinta” 3-га ліпеня не ўпусцілі ў Польшчу на канцэрт „Plac Defilad”, які ладзіўся ініцыятывай „Салідарныя з Украінай”.
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Блашчак пракаментаваў журналістам гэтую сітуацыю:
– З увагі на Саміт НАТА ў Варшаве, і з увагі на тое, што праз тыдзень мы будзем адзначаць 73-ую гадавіну генацыду на Валыні, якую ўчынілі ўкраінскія нацыяналісты, я не пагаджуся на тое, каб хоць нейкім чынам грамадскі парадак, за які я адказваю, або грамадзяне нашай краіны – былі ў небяспецы.
Раней гурту „Ot Vinta” забаранілі выступ у польскім Пшэмыслі. Паводле гарадскога кіраўніка Роберта Хома, лідар гурта вядомы тым, што папулярызуе асобу Сцяпана Бандэры, украінскі нацыяналізм ды АУН-УПА.
Паводле лідара ўкраінскага гурта Юрыя Жураўля, у тэкстах іх песень няма тэматыкі УПА або Сцяпана Бандэры. Музыка запэўнівае, што і сам не падтрымлівае нацыяналістычную ідэалогію.
Беларускае Радыё Рацыя