Украінскі гурт Ot Vinta з Роўна – не пажаданы ў Польшчы?



Гурт Ot Vinta, відавочна, не зможа выступіць на Падляшшы. Выступ планаваўся ў час свята «На Івана, на Купалу», якое ладзіць у Дубічах Царкоўных Саюз украінцаў Падляшша.

Ot vinta

Вядома, што раней гурту забаранілі выступ у Пшэмыслі, ды ў 3 ліпеня ў Варшаве на канцэрце «Plac Defilad», які ладзіўся ініцыятывай «Салідарныя з Украінай». Паводле кіраўніка Пшэмысля Роберта Хома, лідар гурта нібыта вядомы тым, што папулярызуе асобу Сцяпана Бандэры ды ўкраінскі нацыяналізм. Выказаўся на гэтую тэму і міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Блашчак. Яшчэ перад самітам НАТО ў Варшаве ён сказаў журналістам:

З увагі на Саміт НАТО ў Варшаве, і з увагі на тое, што праз тыдзень мы будзем адзначаць 73-ую гадавіну генацыду на Валыні, якую ўчынілі ўкраінскія нацыяналісты, я не пагаджуся на тое, каб хоць нейкім чынам грамадскі парадак, за які я адказваю, або грамадзяне нашай краіны – былі ў небяспецы.

Як кажа старшыня Саюзу ўкраінцаў Падляшша Анджэй Артэмюк, гурт Ot Vinta ужо меў шмат выступаў у Польшчы:

І ў нас на Падляшшы, і ў Польшчы яны мелі раней выступы. Ужо можа з 15 гадоў яны прыязджаюць на канцэрты, і тут раптам сталі нейкімі “фашыстамі” і “бандэраўцамі”. У іх песнях няма мовы ні пра які нацыяналізм, Бандэру, ці гераізацыю такіх асобаў. Гэта такі гурт саркастычна-іранічна-сатырычны.

Саюз украінцаў Падляшша накіроўваў запыт да Міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюша Блашчака, якому падпарадкоўваюцца таксама памежныя службы, з пытаннем пра магчымасць гурту «Ot Vinta» прыехаць у Польшчу. Аднак, кажа Анджэй Артэмюк, адказу ніякага пакуль не прыйшло.

Музыкі з гурта сказалі нашаму радыё, што пакуль яшчэ чакаюць адказу з мяжы, аднак ніякай інфармацыяй больш не валодаюць. Раней лідар калектыву Юры Журавель пракаментаваў журналістам сітуацыю, і падкрэсліў, што ў тэкстах іх песень няма тэматыкі УПА або Сцяпана Бандэры. Музыка запэўніў, што і сам не падтрымлівае нацыяналістычную ідэалогію.

Купальскае свята ў Дубічах Царкоўных на Падляшшы пройдзе ў гэтую суботу, 16 ліпеня. На свяце Украіна будзе прадстаўлена двума калектывамі – з Кіева і Львова.

Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя