Украінскі журналіст: Першыя 2 месяцы вайны былі найгоршыя



На пачатку вайны праца ўкраінскіх журналістаў ладзілася ў фармаце нон-стоп. Бясконцы паток інфармацыі, якую трэба было правяраць, шмат падзей, безліч задач… І ўсё ж такі яны вытрымалі.

Антон

Сёння пра гэта наш карэспандэнт Марына Савіцкая размаўляе з украінскім журналістам, кіраўніком англійскай версіі анлайн-медыя «Babel.ua» Антонам:

РР: Антон, як змяніліся Вашыя ўмовы працы з пачаткам вайны?

– Усяго стала проста больш, часам у некалькі разоў. Больш гадзін працы, больш тэмаў, больш стрэсу, больш тэкстаў, больш прадуктаў. У першыя паўтары-два месяцы мы налічылі столькі матэрыялаў за адзін дзень, што ты працуеш заўсёды, калі не спіш. Адпаведна гэта было ў 3-4 разы больш, чым у звычайны дзень. Зараз мы намагаемся паступова вяртацца да нормы, каб гэта магло працягвацца даўжэй для ўсіх нас, і каб хапіла сілаў. Але інтэнсіўнасць і так значна большая, чым калісьці, і часамі яна проста зашкальвае. Складана было проста вытрымаць такі рытм, бо першы месяц-паўтара мы трымаліся на адрэналіне, і гэта было адносна лёгка. Бо эмоцыі падтрымліваюць гэты шок, які нарастаў. Ён нарастаў з прасоўваннем расейцаў: як яны захоплівалі спачатку Херсон, потым Энэргадар разам з запарожскай АЭС. Потым тое, што яны рабілі ў чарнобыльскай зоне. І праз ўсё гэта нарастала жаданне рабіць штосьці, і мы рабілі. А калі стала зразумела, што гэта можа трываць месяцы, ці нават гады, то стала ясна, што трэба неяк эканоміць рэсурсы. Таму ў нас пачалі з’яўляцца выходныя, у нас пачалі зʼяўляцца больш фармальныя змены. І нават некалькі чалавек мелі не тое што водпуск, але некалькі дзён адгулаў для таго, каб неяк пачаць дыхаць і аднавіць свае сілы. А найбольш простым было тое, што мы адразу зразумелі і адчулі дзе маем быць, і што рабіць. Шмат маіх знаёмых і сяброў не змаглі адразу зарыентавацца ў умовах вайны, яны не змаглі знайсці для сябе найлепшага месца і застасавання. Яны кідаліся то ў дэпрэсію, то ў валантэрства любога напрамку. Выязджаючы ім станавілася яшчэ горш, таму што калі ты не на Бацькаўшчыне, і калі ты чытаеш трагічныя навіны, то табе часта яшчэ больш складана. Таму што ты не можаш да нічога далучыцца акрамя збору грошаў і адсылання дапамогі. Але гэта нешта здалёку. У нашым выпадку, у выпадку журналістаў гэта па-іншаму. Мы нібы проста раніцай 24 лютага адкрылі свае лаптопы і пачалі працаваць. Гэта праца дае пачуць, што мы тут і зʼяўляемся на сваім месцы. Што зараз адбудзецца столькі падзей, якія трэба задакументаваць, столькі інфармацыі, якую трэба распавесці іншым людзям, што мы проста маем працягваць рабіць тое, што рабілі, толькі больш інтэнсіўна.

Цалкам размова:

Антон запэўніў, што «Babel.ua» адкрытыя да супрацы і будуць удзячнымі за любую падтрымку.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя