Украінскія сілавікі цалкам акружылі Данецк



Данецка-Горлаўская групоўка тэрарыстаў цалкам заблакаваная. Пра гэта паведаміў адзін з верхаводаў баевікоў – расейскі дыверсант Ігар Гіркін. Паводле яго слоў, раніцай у суботу ўкраінскія сілавікі занялі горад Чырвоны Прамень Луганскай вобласці. У выніку, баевікі, якія ўтрымліваюць Данецк і Горлаўку, апынуліся ў акружэнні. «Казакі традыцыйна беглі – у горадзе трымаецца толькі маленькі іх атрад. Здарылася тое, пра што неаднаразова папярэджваў. Данецка-Горлаўская групоўка войскаў Новаросіі цалкам акружаная,» – паскардзіўся на расейскіх „казакоў” Ігар Гіркін.

Дзеянні сіл антытэрарыстычнай аперацыі суправаджаюцца нанясеннем кропкавых удараў авіяцыі па базах і апорных пунктах тэрарыстаў. Пра гэта паведаміў на брыфінгу спікер Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Лысенка. У прыватнасці, па яго словах, каля Горлаўкі Данецкай вобласці было знішчана 10 адзінак браняванай тэхнікі тэрарыстаў з экіпажам. «Яшчэ адну калону ваеннай тэхнікі тэрарыстаў ўкраінскія лётчыкі знішчылі каля населенага пункта Антрацыт на Луганшчыне,» – удакладніў Лысенка.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота tvc.ru