Украінскія валанцёры: Нашу краіну не перамагчы



„Нашу краіну не перамагчы, – кажуць украінскія валанцёры. – Бо ў нас вельмі моцны і шчыры валанцёрскі рух”. Ва Украіне з’явілася вялікая салідарнасць, людзі дапамагаюць вайскоўцам, купляючы патрэбныя рэчы нават за апошнія грошы.

Сярод валанцёраў шмат жанчын, і яны працуюць даволі актыўна, нягледзячы на тое, што ў іх сем’і, праца. Некаторыя з іх працуюць нават на некалькіх працах і ўсё ж знаходзяць час для валанцёрства.

Распавядаюць валанцёры з Чаркасаў:

Дзве сям’і за ўласныя сродкі вырашылі паехаць і падтрымаць іх. Яны сабралі 10 тон дапамогі.

– Хлопцы мне тэлефануюць і пытаюцца, ці можна ў нас форму ўзяць. Я кажу, што няма ў валанцёраў складоў. Нейкія там шкарпэты можна знайсці яшчэ. Бярэш грыўню і ідзеш ды купляеш, дзе танней.

– Валанцёрскі рух ва Украіне ўсіх здзіўляе. Толькі афіцыйна на рахунак Мінабароны грамадзяне Украіны пералічылі паўтара мільярда грывень. А паводле ацэнак экспертаў, ад 20 да 40 мільярдаў даляраў збіраюць самі валанцёры ў краіне, дзе пануе крызіс.

– Дзядулі і бабулі прыносяць грошы з пенсіі. Дзеткі прыходзяць: нясуць малюнкі, шакаладку…. Вось такі народ не перамагчы.

Па словах валанцёраў, людзі дапамагаюць украінскай арміі не менш, чым дзяржава, а, можа, нават і больш. Народ паверыў у сваю моц. Даўно сцёрта мяжа паміж фронтам і тылам дзякуючы валанцёрскаму руху. У такіх умовах сепаратыстам будзе цяжка змагацца з украінскай НАЦЫЯЙ.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота 112.ua