Украінцы і беларусы “штурмуюць” ваяводскую Управу ў Беластоку
Украінцы і беларусы – у чэргах па дазвол на працу. Каля будынка Управы Падляшскага ваяводства ў Беластоку амаль штодня ўтвараюцца вялікія чэргі ў аддзел па справах грамадзянства ды іншаземцаў.
Некаторыя наведвальнікі займаюць чаргу ад чацвёртай гадзіны раніцы, складаюць спісы, і часам няма гарантыі, што ўдасца трапіць на прыём у гэты самы дзень. Былі выпадкі, калі людзі начавалі ў намётах.
Як пракаментаваў нашаму радыё сітуацыю дырэктар аддзела па справах грамадзянства ды іншаземцаў Анджэй Гаўкоўскі (Andrzej Gawkowski), колькасць наведвальнікаў істотна павялічылася, але штат супрацоўнікаў пакуль застаецца ранейшым:
– Усё тлумачыцца вельмі проста: цяпер вельмі шмат жадаючых атрымаць дазвол на працу ў Польшчы. Колькасць заяўнікаў у параўнанні з мінулымі гадамі ў нашым аддзеле вырасла на 300%. Два гады таму да нас паступіла больш за тысячу ўнёскаў, а сёлета з пачатку году ўжо маем 2900, так што на канец году перакрочым тры тысячы. Так што колькасць асобаў, якія хочуць атрымаць дазволы на працу або дазвол на часовае пражыванне на падставе працы, расце ў лавінавым тэмпе. У той жа час колькасць нашых супрацоўнікаў і магчымасці нашыя тэхнічныя застаюцца ранейшымі. У гэтым годзе, праўда, ёсць шанец, што колькасць нашых супрацоўнікаў павялічыцца на два чалавекі, цепер маем 14 разам з кіраўніцтвам.
Найбольш зваротаў падаюць грамадзяне Украіны і Беларусі. Астатнія – грамадзяне Грузіі, Малдовы, Расеі ды іншыя, якія складаюць невялікі працэнт заяўнікаў.
– У нашым ваяводстве, хоць умовы цяжкія, і некаторыя асобы чакаюць не адзін дзень, усё ж, пачакаўшы нават 2-3 дні, кожная асоба зможа здаць дакументы і яе пытанне будзе вырашацца комплексна. У шэрагу іншых ваяводстваў трэба чакаць некалькі месяцаў, каб трапіць на прыём і скласці дакументы.
Паводле прэс-сакратара падляшскага ваяводы Анны Ідзькоўскай (Anna Idźkowska), у Падляшскім ваяводстве статыстыка па колькасці асобаў, якія звярнуліся па часовы або сталы побыт, наступная: у 2015 годзе – 978 заяўнікаў, у 2016 годзе – 1415, у 2017 – 2854, сёлета ад пачатку года і да канца верасня паступіла ўжо 2910 справаў.
У чарзе ва Управе Падляшскага ваяводства шмат беларусаў. Адзін з наведвальнікаў кажа, што спрабуе атрымаць дазвол на часовае пражыванне:
– Сёння я акурат здзіўлены, што так мала людзей, усяго пару чалавек, бо звычайна пад дзвярыма стаіць самае мінімальнае 20 чалавек. А так ужо не здзіўляе, што людзі складаюць нейкія спісы, робяць пераклічкі, як раней у нас пад консульствамі гэта адбывалася. Многія з шасці раніцы ўжо дзяжураць. Пераважна тут беларусы ды ўкраінцы, і украінцаў усё больш становіцца і не толькі тут, ва Управе, але ўкраінская мова ўсё больш гучыць у беластоцкіх крамах, на вуліцы і гэтык далей.
Жанчына чакае з мужам і дзіцём:
– Я здаю дакументы на грамадзянства. У мяне акурат праблем не было трапіць сюды, але я вельмі здзіўлена тым, што пачула, тым, што тут у некаторыя дні адбываецца.
Анджэй Гаўкоўскі тлумачыць, што работнікі яго аддзелу не ўмешваюцца ў працэс фарміравання чаргі па зразумелых прычынах:
– Гэта звязана з пытаннямі нашай бяспекі. Мы ведаем, што ёсць людзі, якія на гэтай сітуацыі спрабуюць зарабіць, і былі выпадкі, калі нас спрабавалі абвінаваціць у тым, што мы ўплываем на паслядоўнасць асобаў у чарзе і маем з гэтага нейкія карысці. Таму гэта праблема для нас. Мы не хочам уплываць на гэты працэс. Мы пры гэтым ведаем пра выпадкі, калі нумар у чарзе прадаецца за грошы, нават самі іншаземцы скардзяцца нам на гэта, мы ў такіх выпадках паведамляем паліцыю.
Хоць, прызнае наш суразмоўца, паліцыі не проста такія сітуацыі вырашаць, бо цяжка давесці віну той ці іншай асобы.
– Варта ведаць, што з’явілася шмат пасярэднікаў, у тым ліку несумленных. Таму мы заклікаем звяртацца да нас без аніякіх пасярэднікаў, нават выслаўшы нам дакументы поштай. Мы тады такую асобу на працягу тыдня выклічам да сябе, бо ёсць сем дзён на ўдакладненні і дапаўненні ў дакументах, і з гэтай асобай без пасярэднікаў вырашым усе пытанні.
РР: Гучаць прапановы ўвесці “білетаматы” або зрабіць рэгістрацыю праз інтэрнэт. Гэта магчыма зрабіць?
– Ведаючы сітуацыю з усёй Польшчы, трэба сказаць, што гэта не развяжа праблему, звязаную з сумленнасцю людзей. Вось, да прыкладу, возьме чалавек у такім “білетамаце” два нумары ў чаргу і адзін з іх прадасць. І што? Вось Карта паляка: рэгістрацыя толькі праз інтэрнэт, а пры тым шмат асобаў нам скардзяцца, што мусіць некаму заплаціць, каб сюды трапіць. Мне здаецца, што калі ёсць вялікі попыт, а замала магчымасцяў яго задаволіць, то заўсёды будуць з’яўляцца несумленныя асобы, якія несумленныя ў тым ліку ў дачыненні да сваіх суграмадзян.
Ва Управе Падляшскага ваяводства настойліва просяць не вырашаць свае пытанні праз пасярэднікаў, кантактавацца з чыноўнікамі без пасярэднікаў, нават праз пошту. Чыноўнікі запэўніваюць, што ў хуткім часе ўсё ж мае з’явіцца Пункт абслугоўвання кліентаў і “білетамат”.
Афіцыйна на тэрыторыі Падляшскага ваяводства колькасць іншаземцаў ад чэрвеня 2017 года вырасла на 74%. Па стане на жнівень 2018 года іх налічвалася амаль 10 тысяч, што на чатыры тысячы больш, чым год таму. Такую статыстыку прыводзіць ZUS (Управа сацыяльнага страхавання), таму яна тычыцца толькі тых іншаземцаў, якія ахопленыя сацыяльным страхаваннем.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: Яна Запольская, Joanna Klimowicz