Украінцы распрацоўваюць турыстычны “Шлях Гедзімінавічаў”



Ва Украіне распрацоўваюцца транспамежныя турыстычныя маршруты пад агульным брэндам “Шлях Гедзімінавічаў”.  Маршруты пройдуць па тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны, то бок краін, якія ў свой час уваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Ідэя міжнароднага турыстычнага брэнду “Шлях Гедзімінавічаў” з’явілася яшчэ ў 2012 годзе ў Луцку, дзе знаходзіцца знакаміты замак, збудаваны на загад Любарта, сына Гедэміна. Энтузіясты са сталіцы Валыні звязаліся з аднадумцамі з украінскіх, беларускіх, польскіх і літоўскіх гарадоў, якія маюць дачыненне да Гедэміна, і знайшлі ўзаемаразуменне. Так узнікла ідэя скласці турыстычныя маршруты па сучасных краінах – спаткаемцаў Вялікага княства.

Пакуль на мапе турыстычных маршрутаў 22 горада, з якіх 10 украінскіх, а астатнія – у Беларусі, Польшчы і Літве. Луцкія энтузіясты ўжо падключылі да супрацоўніцтва турыстычныя фірмы, а таксама навукоўцаў і эканамістаў. Плануюцца выданне каталагаў і стварэнне мультымедыйных рэсурсаў, культурныя абмены, круглыя сталы і сумесныя музейныя экспазіцыі. Мэтай праекту, паводле яго стваральнікаў, з’яўляецца адраджэнне інтарэсу да агульнай спадчыны Вялікага Княства.

Ва Украіне створана і Асацыяцыя органаў мясцовага самакіравання, якая таксама называецца “Шлях Гедзімінавічаў”. Паміж гэтай Асацыяцыяй і грамадскай арганізацыяй “Балта-Чарнаморская канфедэрацыя бяспекі” ужо падпісаны Мемарандум пра супрацоўніцтва, паведамляе афіцыйны сайт Луцкага гарадскога савета.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя