Украінцы рыхтуюцца да чарговай атакі расейцаў



Непадалёк Харкава мясцовыя жыхары паскоранымі тэмпамі будуюць фартыфікацыйныя аб’екты. Прычына – верагоднае ўварванне расейскіх войскаў з боку Белгарада.

11340006 (1)

Паведамляе наш карэспандэнт.

Украінская выведка выявіла ў Белгародскай вобласці лагер расейскіх войскаў. Лагер знаходзіцца за 10 км ад украінскай мяжы. Мотастралковая брыгада з Самары, танкі і самаходная артылерыя з-пад Чалябінска, а таксама дысантнікі, мінамётчыкі, зенітчыкі.

Расейская групоўка складаецца з 15-20 тысяч вайскоўцаў, пры гэтым пад Белгарад штодня прыбываюць новыя эшалоны з Расеі. Гэта дае падставы меркаваць, што ў хуткім часе агрэсары змогуць пачаць уварванне на тэрыторыю Харкаўскай вобласці. Вайсковыя эксперты распрацавалі тры лініі абарончых фартыфікацый: гэта супрацьтанкавыя ровы, акопы, бамбасховішчы і ракады для перасоўвання вайсковай тэхнікі. На прылеглых узвышшах будуюцца доты і закрытыя пазіцыі для артылерыі. Да таго ж на дарогах Харкаўскай вобласці ўводзяцца новыя блокпосты. Мэта – затрымаць верагодны расейскі наступ на падыходзе да Харкава да з’яўлення асноўных сілаў украінскага войска.

Фартыфікацыйныя аб’екты ўзводзяцца пераважна сіламі мясцовых жыхароў. Яны робяць гэта добраахвотна. Фінансуюць будаўніцтва мясцовыя бізнесоўцы. Неўзабаве на першай лініі абароны з’явяцца нацыянальныя гвардзейцы і рэгулярныя часткі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота topwar.ru