Украінцы запаўняюць працоўныя вакансіі на Падляшшы
Каля 800 тысяч украінцаў прыехалі летась легальна працаваць у Польшчу. Галоўны напрамак гэта Варшава і мазавецкае ваяводства. У 2015 годзе на працу на Падляшша прыехала 510 украінцаў. Гэта дзевяноста працэнтаў усіх працаўнікоў, якія прыехалі на Падляшша з па-за ЕЗ.
У адной мэблевай прамысловасці ў Гайнаўцы працуюць 140 грамадзянаў Украіны. У гміне Дубічы Царкоўныя няма ахвотнага на пасаду лекара. Таму самаўрад хоча даць працу чалавеку з Украіны ці з Беларусі, кажа сакратар гміны Мікола Лаўрыновіч:
— У нас ёсць вакансія сямейнага ўрача. Калі б была такая магчымасць і нехта выказаў бы зацікаўленасць нашай гмінай дык мы яму тут нават далі кватэру над паліклінікай і мог бы чалавек сабе працаваць і нават з сям’ёй пераехаць.
Бурмістр гміны Орля Пётр Сяльвесюк:
– На працягу пэўнага перыяду на тэрыторыі гміны было некалькі сямей, якія прыехалі з Украіны – з зоны, дзе ідзе вайна. Частка перавялася ў Бельск, засталося дзве ці тры сям’і – колькасць сем’яў не павялічваецца, іх усяго некалькі, таму праблемы ў сувязі з гэтым няма.
Бежанка з Украіны Марына Чумачэнка:
– Прыехалі мы па той прычыне, што ва Украіне, па-першае, пачалася вайна, пачаліся баявыя дзеянні. Як следства гэтага ўсяго – пачалі падымацца цэны на ўсё, і на прадукты, і на пражыванне, на камунальныя паслугі, усё цяжэй і цяжэй жыць ва Украіне. Канешне ж многія людзі кажуць, што будучыні ва Украіне няма – будучыні для дзяцей, для моладзі няма. Таму ў мужа так атрымалася, што ён знайшоў карані – у яго былі ў Польшчы карані, у яго атрымалася знайсці дакументы ва Украіне, якія пацвярджаюць яго прыналежнасць да польскага народа. Мы вырашалі гэтае пытанне, думалі пераязджаць ці не пераязджаць, бо і цяжкасці некаторыя былі, але ўсё адбылося так, што мы ўсё ж такі пераехалі.
Гастарбайтэр з Украіны:
– Ва Украіне проста няма людскага заробку, каб зарабіць, таму прыехаў сюды. Я пакуль не быў на працы, проста прыбываю тут, чакаю месца, з дня на дзень пайду на працу – калі гэта будзе пакуль невядома.
У мінулым годзе на 600 чалавек якія прыехалі легальна працаваць на Падляшшы 71 былі беларусамі. Сёлета ўжо 24 беларуса прыехала на працу. Затое украінцаў ад студзеня прыехала 171 асоба.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя