Украінцы збіраюць подпісы ў падтрымку беларускай мовы



Украіна павінна выкарыстоўваць у кантактах з Беларуссю не рускую, а беларускую мову – петыцыю такога зместу апублікавалі на сайце прэзідэнта Украіны. Дакумент ужо падпісалі амаль 2000 чалавек.

Петыцыю могуць падпісваць як грамадзяне Украіны, так і іншых краін, у тым ліку беларусы.

„Беларусь – дружалюбная краіна, якая змагаецца з моўна-культурнай дамінацыяй Расеі і абараняе сваё права на ўласную ідэнтычнасць. На жаль, насуперак волі многіх беларусаў, беларуская мову падвяргаецца вялікаму ціску, а краіна – русіфікацыі. Тым не менш, нават у такіх умовах беларуская мова не толькі захавалася, але з’яўляецца першай дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь і паступова адраджаецца: павялічваецца колькасць беларускамоўных прадметаў у школах, усё больш асоб пасылае дзяцей у беларускамоўныя дзіцячыя сады і г.д.

Просім выкарыстоўваць у кантактах з Рэспублікай Беларусь перш за ўсё беларускую мову,”- гаворыцца ў петыцыі.

У прыватнасці, у якасці першага кроку аўтары звароту просяць падтрымаць ініцыятыву і выкарыстоўваць беларускую мову на этыкетках ўкраінскіх тавараў, якія экспартуюцца ў Беларусь, стварыць беларускамоўную версію сайта амбасады Украіны ў Беларусі.

Для таго, каб петыцыя была разгледжана прэзідэнтам Украіны пад ёй неабходна сабраць 25000 подпісаў.

Гэта ўжо другая ініцыятыва па папулярызацыі беларускай мовы ў Украіне. У чэрвені на сайце „Порт Еўропа” запусцілі бясплатны курс беларускай мовы для ўкраінцаў.