Украінцы змогуць збіраць грыбы і ягады ў Беларусі



У беларуска-украінскім сумежжы адкрыліся пункты спрошчанага пераходу мяжы. Спрошчаны памежны рэжым прадугледжваюцца толькі для грямадзянаў Украіны, якія жывуць у Ракітнеўскім раёне Ровенскай вобласці.

Больш падрабязнасцяў распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Значная частка жыхароў Ракітнеўскага раёна, як, зрэшты, і ўсёй поўначы Ровенскай вобласці – этнічныя беларусы. Сезонны збор грыбоў і ягад у запаведнай зоне “Альмінскія балаты”, што на Берасцейшчыне – іх спрадвечны традыцыйны промысел. Беларускія памежнікі штогод адкрываюць для жыхароў Ракітнеўшчыны пункты спрошчанага пропуску, якія звычайна дзейнічаюць з 1 ліпеня па 15 лістапада.

Сёлета такіх пунктаў пропуску адкрыта тры: “Познань”, “Дроздынь” і “Березова”, прытым працаваць яны маюць штодзённа з 6-00 раніцы па 22-00 вечара. Ніякіх абмежаванняў з беларускага боку наконт колькасці збору грыбоў і ягад няма.

Каб скарыстацца пунктамі спрошчанага пераходу мяжы, грамадзянам Украіны трэба сплаціць 2500 грывень, то бок каля 100 даляраў. Летась гэтая сума складала 1500 грывень.

Але далёка не ўсе жыхары Ровеншчыны карыстаюцца пунктамі спрошчанага пераходу. Толькі летась за пазаконны пераход украінска-беларускай мяжы затрыманы трыццаць адзін парушальнік кардону.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя