Улады Беластока заклікаюць не наведваць масава могілкі ў Дзень Усіх Святых
Дзень Усіх святых падчас эпідэміі пройдзе іначай. Улады горада Беластока заклікаюць жыхароў не наведваць могілкі масава першага лістапада, а расцягнуць наведванне месцаў спачыну сваіх родных і блізкіх на некалькі дзён. Такім чынам будзе зменшаная рызыка заражэння каронавірусам. Як заўважыў падчас прэс-канферэнцыі 22 кастрычніка прэзідэнт горада Тадэвуш Трускаляскі, грамадскі транспарт у любым выпадку рыхтуецца да перавозкі большай колькасці пасажыраў:
– У гэтым годзе выключна з 29 кастрычніка па 3 лістапада можна будзе скарыстацца дадатковай аўтобуснай лініяй, каб заехаць на могілкі. Найбольшая колькасць дадатковых аўтобусаў будзе даступная 1 лістапада ў Дзень Усіх Святых. Аднак звяртаемся да беластачан, каб у гэтае лістападаўскае свята яны засталіся дома. Каб тыя візіты, якія плануем да магіл блізкіх, расцягнуць уласна на некалькі дзён.
Эпідэмічная сітуацыя ў Беластоку – пагаршаецца. За апошнія суткі выявілі 105 новых выпадкаў заражэння, і такім чынам іх агульная колькасць набліжаецца да дзвюх тысяч. Выздаравелі за ўвесь час 435 чалавек, а 19 чалавек памерлі ў выніку захворвання на Covid-19.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток