Улады Беластока заклікаюць у Велікодныя святы аказваць дапамогу бежанцам з Украіны



З пачатку расейскай ваеннай агрэсіі ва Украіне і масавым прыездам у Беласток бежанцаў, аб’ём дапамогі, якую сёння нясуць жыхары горада ў пункты прыёму, заўважна знізіўся. З гэтай прычыны ўлады горада і валанцёры заклікаюць беластачан і надалей актыўна падтрымліваць бежанцаў з Украіны прадуктамі і рэчамі першай неабходнасці.

Асабліва гэта патрэбна ў часы Велікодных святаў, гаворыць намеснік прэзідэнта Беластока – Пшэмыслаў Тухлінскі:

Хацелі б мы звярнуцца да ўсіх беластачан, каб прыносілі дапамогу. Бо ўвесь час гэтая дапамога патрэбная. Бо бежанцы ўцякалі з дому часта без грошай, толькі з рэчамі першай неабходнасці. Звяртаемся да беластачан, каб мы і надалей дапамагалі нашым суседзям – украінцам.

У Цэнтр дапамогі бежанцам з Украіны, які разгарнуўся на Гарадскім стадыёне, жыхары Беластока зрабілі ўжо больш за 2,5 тысячы гуманітарных унёскаў. Штодня толькі ў гэты Цэнтр звяртаецца па дапамогу ад 100 да 150 бежанцаў. Агулам з пачатку вайны ўжо каля 4,5 тысячы украінцаў атрымалі неабходны прадуктова-рэчавы набор. Акрамя гэтага некалькі дзясяткаў тон гуманітарнай дапамогі выехала з Беластока непасрэдна ва Украіну.

Беларускае Радыё Рацыя