Улады Гайнаўкі не прынялі рашэння ў справе стварэння пачатковай школы пры белліцэі



Бацькі збіралі подпісы і пісалі просьбы да ўладаў, аднак гэтыя дзеянні могуць быць недастатковыя. Улады Гайнаўкі не прынялі рашэння ў справе стварэння пачатковай школы з беларускай мовай навучання пры мясцовым белліцэі.  

На сесіі рады горада радныя не выказалі адназначнай падтрымкі ініцыятыве часткі гайнаўскіх бацькоў.

7 радных было за, 7 супраць стварэння пры мясцовым беларускім ліцэй першага класа пачатковай школы з беларускай мовай навучання.

Паводле адной са стваральніц бацькоўскай ініцыятывы Кацярыны Чурак, на сесіі адсутнічалі некаторыя радныя, якія раней падтрымлівалі ідэю стварэння беларускай школы.

— Нам вельмі шкада, што не ўсе радныя прыйшлі на пасяджэнне Рады. Шмат бацькоў не прыйшло, бо маюць сваю працу. Нас, як бацькоў не выслухалі, не далі нам слова. Толькі лічаць грошы і субвенцыі.

У польскім заканадаўстве арганізацыяй навучання ў пачатковых школах займаецца гміна, а ў сярэдніх школах павет. Каб адкрыць пачатковую школу пры беларускім ліцэі патрэбны дазвол бурмістра на пераданне гэтых кампетэнцыі гайнаўскаму старасце. Аднак для горада гэта страта асветніцкай субвенцыі. Рашэнне бурмістра Гайнаўкі ў справе стварэння пачатковай школы з беларускай мовай навучання пры ліцэі чакаецца ў пачатку наступнага тыдня.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Гайнаўка