Улады Сямятычаў адмовілі ў правядзенні фестывалю “Беларуская песня”
Улады Сямятычаў адмовілі Беларускаму грамадска-культурнаму таварыству ў правядзенні штогадовага фестывалю “Беларуская песня”, спасылаючыся на “складаную і напружаную палітычную сітуацыю”.
Гэтая справа разглядалася на апошнім пасяджэнні Сеймавай камісіі па справах нацыянальных і этнічных меншасцяў у Польшчы. Гаворыць сябра камісіі дэпутат Яўген Чыквін:
– Была дыскусія. Старшыня сеймавай камісіі Ванда Навіцкая накіравала адмысловыя лісты. Не могуць быць грамадзяне Польшчы закладнікамі палітыкі іншых народаў. Гэта ўвогуле незразумела.
Старшыня сеймавай камісіі нацыянальных меншасцяў Ванда Навіцкая накіравала зварот бургамістру Сямятычаў Пётру Сіняковічу з просьбай адмяніць рашэнне і дазволіць арганізаваць фестываль “Беларуская песня 2022 – салідарныя з Украінай”. У лісце Навіцкай чытаем: “Мы разумеем абурэнне улад горада агрэсіяй Расейскай Федэрацыі, але незразумелым ёсць абвінавачванне польскіх грамадзян беларускай нацыянальнасці ў гэтым”.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя