Уладыка Святаслаў: Усе мы молімся за Беларусь



Пасля задушэння паўстання Каліноўскага расейскі царызм узяў на ўзбраенне формулу “Што не зрабіў расейскі штых – даробяць расейскі чыноўнік, расейская школа і расейскі поп”. Гэтыя прынцыпы, на жаль, актуальныя і ў сучаснае Беларусі.

Але ж патрыятычная частка беларускіх праваслаўных святароў заўсёды імкнулася да ўласнай царквы. Тым больш, што традыці беларускага праваслаўя сягаюць ажно да часоў Наваградскай мітраполіі, створанай яшчэ ў 1330 годзе…

19Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква дзейнічае пераважна па-за межамі Беларусі. Ад 2008 года ўзначальвае яе Уладыка Святаслаў (Логін).

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагуратыр з а. Святаславам у Чарнігаве, куды Уладыка прыехаў са Злучаных Штатаў.

РР: Уладыка, раскажыце пра Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву ў ЗША.

Уладыка Святаслаў: БАПЦ існуе на эміграцыі не толькі ў ЗША, але і Заходнім свеце: у Канадзе, у Аўстраліі, у Вялікай Брытаніі. Там, дзе жыве найбольш старых эмігрантаў хвалі ваеннай. Царква, можна сказаць, невялікая, але і беларусаў там мала, дый беларусы самі былі пазбаўленыя сваёй царквы колькі стагоддзяў. Людзі, якія прыехалі пасля вайны зусім беднымі, спачатку ў Нямеччыну, потым перабраліся ў Злучаныя Штаты, у Аўстралію, у Канаду, то першае, што яны рабілі – будавалі нашыя беларускія храмы. У нас не так шмат парафій, але яны раскіданыя па ўсім свеце. Ідуць службы, адбываюцца хросты дзетак, праходзяць вянчанні, пахаванні… святкуем нашыя царкоўныя святы, то бок усё, як і мае быць. І, натуральна, усе мы молімся за Беларусь.

РР: А якая найгалоўная беларуская царква ў Злучаных Штатах?

Уладыка Святаслаў: Нашая катэдра св. Кірылы Тураўскага знаходзіцца ў Нью-Йорку, у Брукліне, непадалёк Бруклінскага моста. Цудоўны вялікі храм набылі амерыканскія беларусы яшчэ ў пяцідзесятыя годы! Маем тры паверхі. Гэта не толькі цэнтр рэлігійны, але і цэнтр грамадскі, дзе праходзяць нашыя сустрэчы, адбываюцца святы. Вельмі адыграла нашая царква ў яднанні беларусаў усяго свету. Тамака праходзілі і саборы нашай царквы, і сустрэчы беларусаў усёй Паўднёвай Амерыкі. Туды прыяжджалі нашыя землякі з Канады, з Аўстраліі. У нас ёсць вялікая бібліятэка з унікальнымі выданнямі… Так што на сённяшні дзень, гэта найбуйнейшы цэнтр беларускай эміграцыі свету.

РР: То бок, Беларуская праваслаўная аўтакефалія мае не толькі рэлігійны складнік, але гэта і сродак нацыянальнай самаідэнтыфікацыі?

Уладыка Святаслаў: Кожная праваслаўная царква мае і сваё кіраванне, і свае традыцыі, і сваіх святых. І гэта натуральна, што людзі цягнуцца менавіта да свайго, бо ім патрэбнае роднае і рэлігійнае, і нацыянальнае. Беларускія вернікі хочуць не толькі маліцца Богу, але і маліцца ў роднай мове. Нават пагаварыць па-беларуску вельмі прыемна ў Амерыцы менавіта ў нашым царкоўным асяродку!

РР: Ці падтрымліваеце вы нейкія кантакты з афіцыйным Менскам хаця б на ўзроўні нашай амбасады ў ЗША?

Уладыка Святаслаў: Часам мы сустракаемся з беларускімі дыпламатамі ў Канадзе, у Амерыцы. Так, кантакты ёсць, але яны вельмі слабыя. Яны значна паменшыліся, калі Беларусь сыйшла з дэмакратычнага шляху і наблізілася да дыктатуры, да аб’яднання з Расеяй.

РР: Як складаюцца вашы адносіны з Рускай праваслаўнай царквой Маскоўскага патрыярхату?

Уладыка Святаслаў: Апошнім часам мы бачым, што царква гэтая стала філіялам ФСБ. Мала там веры, а больш яна займаецца ідэалогіяй, прытым ідэалогія гэта супярэчыць хрысціянству. РПЦ МП не прызнае беларускую дзяржаву, беларускі народ, беларускую мову. Лічыць усё гэта нейкім “прыдуманым”. Хаця мы маем сваю старажытную праваслаўную гісторыю, куды багацейшую за маскоўскую. Калі стаяла ўжо полацкая Сафія, на месцы Масквы яшчэ былі балаты. Кожная дзяржава, кожны народ маюць права на сваю незалежную царкву, на свайго першаіерарха. Так гаворыць 34-ае Апостальскае правіла. Таму мы і лічым, што ў Беларусі павінна быць свая праваслаўная царква. Прыйдзе час, і гэтая царква паверніцца ў Беларусь. Беларускі народ ёсць гаспадаром на сваёй зямлі, і нашая царква павінна вярнуць свае беларускія храмы.

РР: Уладыка, суадносна нядаўна вы паехалі ў Беларусь з тэрыторыі Украіны на сустрэчу з вернікамі, але вас не пусцілі на мяжы. Ды яшчэ і штамп паставілі ў пашпарт пра забарону ўзезда ў Беларусь. Як вам растлумачылі такую адмову?

Уладыка Святаслаў: Памежнікі не маглі нічога растлумачыць. Пэўна, загад паступіў з КГБ Беларусі. Я думаю, што гэта неяк звязана з вайною, якую вядзе Україна супраць расейскай агрэсіі. Багата беларусаў дапамагаюць украінцам у тае вайне, і нашая царква таксама дамапагае народу Украіны. Не выключаю, што ўціск ішоў і з Расеі.

РР: Уяўная сітуацыя: Беларусь – дэмакратычная дзяржава. Ці паедуць беларускія праваслаўныя святары нашай дыяспары адраджаць нашу аўтакефалію?

Уладыка Святаслаў: Магу сказаць толькі за сябе. Я з задавальненнем прыеду ў Беларусь, дзе можна будзе служыць у роднай мове свайму народу і сваёй дзяржае. Мркую, што шмат хто з беларусаў схоча стаць святарамі, будуць вучыцца, і потым будуць служыць Богу ў сваёй роднай мове і ў сваёй роднай царкве.

Уладыка а. Святаслаў (у міру – Вячаслаў Логін) – беларус, нарадзіўся ў 1964 г. у Чарнігаве. Род Логінаў паходзіць з Наваградчыны, дзед Андрэй і ягоны брат Язэп былі фалькларыстамі, прытым Язэп расстраляны ў 30-я гады.

Скончыў Кіеўскі палітэхнічны інстытут, Кіеўскую духоўную семінарыю і праваслаўны калегіум св. Андрэя ў Вініпэгу, Канада. Быў настаяцелем цэркваў БАПЦ у ЗША. У 2008 г. прыняў манаскі пастрыг.  З 2008 года абраны Адміністратарам Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.

Гутарыў Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя