Уладзімір Ханас: Гэтая марка – праява салідарнасці і павагі
Ва ўкраінскім Тэрнопалі 3-га лютага 2023 года адбылося адмысловае гашэнне маркі і канверта, прысвечанага Нобелеўскаму лаўрэату, кіраўніку праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесю Бяляцкаму.

Пра марку і яе выданне распавядае арганізатар гэтай акцыі, украінскі грамадскі дзеяч Уладзімір Ханас:
– Нашы калегі ў Беларусі не маюць такой магчымасці яго ўшанаваць. У нас такая магчымасць ёсць. Гэта як выказванне салідарнасці і павагі. Мы ведаем пра праваабарончую дзейнасць Алеся і іншых беларускіх праваабаронцаў.
Па словах Уладзіміра Ханаса, Алесь Бяляцкі – гэта адзін з людзей, які змагаецца «за нашу і вашу свабоду» :
– Гэты лозунг „За нашу і вашу свабоду!” нікуды не падзеўся. Калі мы не будзем падтрымліваць адзін аднаго, то будзе праблема. Тым больш у нас ёсць багата выклікаў. Калі казаць пра праваабарончы складнік, то ў нас ёсць прапанова рэфармавання ААН.
Марка, прысвечаная Алесю Бяляцкаму, мае выяву нацыянальнага герба Пагоня і выйшла разам з маркай, прысвечанай таксама лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру з Украіны Аляксандры Матвейчук з «Центра громадянських свобод» і пасля гашэння будзе адпраўлена ў розныя краіны свету.

Беларускае Радыё Рацыя
