Уладзіслаў Петрук адзначыў 45-годдзе творчай дзейнасці
Сотні малюнкаў у газетах, дзясяткі праектаў вокладак і некалькі кніжак са сваімі карцінамі. Гэта вынік шматгадовай працы падляшскага мастака Уладзіслава Петрука, які ў Таварыстве сяброў і сям’і адзначыў саракапяцігоддзе сваёй творчасці.
На выставе, прымеркаванай да юбілея, можна паглядзець графіку, партрэты, алейныя карціны. Таксама прадстаўлены шматлікія выдавецтвы, у якіх працаваў Уладзіслаў Петрук. Паводле яго словаў, першай прафесійнай працай была праца ў тыднёвіку беларусаў “Ніва”.
– Першая рэдакцыя, у якой быў кампутар, – “Ніва”. Сам навучыўся, пасля навучыў іншых. Я быў графічным рэдактарам.
Уладзіслаў Петрук нарадзіўся ў 1952 годзе пад Дарагічынам, што на Падляшшы. Мастацкую адукацыю пачаў у Ліцэі ў Супраслі. Вышэйшую адукацыю здабыў у Вышэйшай школе кніжнай графікі ў Ліпску.
Выставу працаў Уладзіслава Петрука можна наведаць у будынку „Падляшскай ксёнжніцы” па вуліцы Складоўскай, 14 а ў Беластоку.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток