Умова падпісаная – далей супрацоўніцтва
Умова падпісаная – далей супрацоўніцтва. На V Усходнім эканамічным кангрэсе, што праходзіць у Беластоку – беларуская свабодная эканамічная зона „Гроднаінвест” і польскі кластер апрацоўкі металаў – падпісалі пагадненне пра супрацоўніцтва.
З польскага боку свой подпіс паставіў каардынатар кластара Себасцьян Рынкевіч:
– Доўгі час размаўлялі, ацэньвалі наш патэнцыял, што мы можам зрабіць, якія магчымасці выкарыстаць. Гэтая праца прывяла да таго, што сёння падпісваем гэтую дамову. Мы, як кластар, прааналізавалі пытанне супрацы з Беларуссю, на панэлі сустрэчы было шмат размоваў на гэтую тэму. Нашыя фірмы маюць традыцыйныя адносіны, мы на беларускім рынку ўжо напрацягу 20-30 гадоў, але новыя сустрэчы вельмі дапамагаюць супрацы.
Турыстычныя, культурныя і адукацыйныя сувязі шырока развіваюцца, але надыходзіць час, каб развіваць і іншыя сферы, кажа кіраўнік адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны „Гродно” Сяргей Ткачэнка. Тым больш есць патэнцыял:
– Мы сёння хацелі б паспрабаваць рэалізаваць тыя напрацоўкі, тыя ўзаемаадносіны, падняць іх на новы ўзровень, у плане фармавання сумесных, як інвестыцыйных, так і сумесных прадуктаў, з якімі мы можам пазіцыянаваць сябе больш упэўнена на знешніх рынках. Ёсць патэнцыял Беласточчыны, ёсць патэнцыял Гарадзеншчыны.
У цырымоніі падпісання пагаднення ўдзельнічалі маршалак Падляшскага ваяводства Ежы Ляшчынскі, а таксама амбасадар Беларусі ў Польшчы Аляксандр Авер’янаў і генеральны консул у Беластоку Ала Федарава. Як кажуць, безнесоўцы, гэтыя асобы спрычыніліся да наладжвання кантактаў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Яна Запольская