Упраўленне Падляшскага ваяводства выдала субсідыі на ахову помнікаў архітэктуры
У Падляшскім музеі маршалак Артур Касіцкі ўручыў сімвалічныя чэкі ўладальнікам і кіраўнікам дванаццаці помнікаў архітэктуры на Беласточчыне. Сродкі, выдзеленыя з бюджэту ваяводства, пойдуць у тым ліку і на рамонт даху царквы св. Апостала Іаана Багаслова ў Мастаўлянах.
Кажа пробашч праваслаўнага прыхода ў Мастаўлянах Славамір Якімюк:
– Грошы, каторыя мы атрымалі, пойдуць на дах. У тым годзе пачалі ад званіцы, у гэтым годзе хочам скончыць рамонт. Мастаўляны каля самай мяжы з Беларуссю. Цудоўная царква, цудоўнае месца, прырода. Запрашаем у Мастаўляны.
Дапамога ў суме 1,2 мільёны злотых, выдзеленая ў гэтым годзе, дазволіць прафінансаваць работы па захаванні больш, чым 60 аб’ектаў архітэктуры, размешчаных на Падляшшы. Большасць з іх — парафіяльныя касцёлы Беластока і Беластоцкага павета.
Беларускае Радыё Рацыя