Дафінансаванне на будаўніцтва Музея памяці Сібіры
4,5 мільёна злотых дафінансавання атрымае управа Беластока на будаўніцтва Музея памяці Сібіры. Грошы паходзяць з Фонда прамоцыі культуры Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. Магістрат дафінансаваннем задаволены, аднак, як адзначыў прэзідэнт Тадэвуш Трускаляскі, гэта намнога менш, чым спадзяваўся. Дадаткова горад атрымае грошы ў трох частках, дадаў Трускаляскі:
– Мільён злотых мы атрымалі ў мінулым годзе, два мільёны паступіць у 2017, і паўтара мільёна – у 2018.
Музей памяці Сібіры – гэта ўстанова, якая будзе дакументаваць гісторыю cсылак, а таксама добраахвотнага пасялення палякаў і іншых народаў на землях Расейскай імперыі і Савецкага Саюза. Частка пастаяннай выставы будзе таксама прысвечана Бежанству 1915 года.
Агульны кошт будаўніцтва Музея складзе каля 42 мільёнаў злотых. Пачатак працаў запланаваны на лістапад гэтага году.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота archiwum.stgu.pl