Управа горада разыграе календары на 2017 год
Здымкі лаўрэатаў конкурса «Беласток на увесь год» упрыгожылі каляндар на 2017 год, падрыхтаваны управай горада. Пераможцаў выбралі карыстальнікі старонкі «Wschodzący Białystok» на Фэйсбуку. Дванаццаць фотаздымкаў на кожны месяц выбралі з амаль 600 прапановаў.
«У гарадскім календары можна знайсці таксама даты найважнейшых святаў для каталікоў, праваслаўных, габрэяў і мусульман», — падкрэслівае прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі:.
— Мы заўсёды стараліся, каб былі элементы экуменізму. Калі ўсе жыхары маюць сказаць, што гэта наш каляндар, дык павінны знайсці там элементы, з якімі яны ідэнтыфікуюцца. Калі там былі святы толькі адной ці другой рэлігіі, дык тыя, другія, пачуваліся б расчараванымі.
Календары на 2016 год са здымкамі Беластока з 15 снежня можна будзе выйграць у конкурсах арганізаваных магістратам. Трэба будзе адказаць на тры простыя пытанні, звязаныя з горадам. Пытанні з’явяцца на старонцы горада ў Фэйсбуку.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота: bialystok.pl