Урачыстае адкрыццё помніка Кастусю Каліноўскаму ў Мастаўлянах
Некалькі дзясяткаў людзей удзельнічала ва ўрачыстасці адкрыцця помніка Кастусю Каліноўскаму ў Мастаўлянах на Беласточчыне. Помнік вышынёю трох з паловай метра, з мемарыяльнай дошкай, з надпісам на польскай і беларускай мовах ствараўся больш за два гады, – кажа войт гарадоцкай гміны Вяслаў Кулеша.
– Калі адзначалася 150-годдзе паўстання, свята праходзіла пад патранатам прэзідэнта Польшчы, і тады мы падумалі, што варта тут усталяваць помнік і ўшаванаць месца, якое звязанае з імем Кастуся Каліноўскага.
Януш Талуць, аўтар помніка: – Нарэшце гэты чалавек, які нарадзіўся ў нашай краіне, на нашай зямлі ўшанаваны. Яго не чутна тут, не відаць нідзе. І трэба было, каб не шыльда была, а каб быў помнік, каб можна было ганарыцца гэтым чалавекам. Я моцна хацеў, каб гэты помнік паўстаў. Каб ён быў годны, каб не было сорамна. І Каліноўскаму няма чаго сароміцца, бо быў герой. І каб помнік быў годны яго. Тут не было дастаткова сродкаў, і ён зроблены сціпла. Тое кола, якое стаіць, кавалак стрэльбы, каса сімвалізуюць тую вайну, калі прывозілі параненых, а каса – гэта бяда, што паўстанцы не мелі ўзбраення, каб ваяваць з царскімі войскамі.
Лена Глагоўская, прафесар-гісторык: Сапраўды ніхто не займаўся Кастусём Каліноўскім. І ўжо ў пачатку 20 стагоддзя пісалася пра тое, што жыццё, дзейнасць Кастуся Каліноўскага вымагае навуковай апрацоўкі. Прайшло амаль 100 гадоў, як пра гэта гаварылася. Калі ідзе пра існаванне ў беларускай нацыянальнай свядомасці, то першым яго ўвёў у нацыянальную свядомасць гісторык родам з Беласточчыны Усевалад Ігнатоўскі, які ў сваёй працы пра гісторыю Беларусі ўпершыню напісаў пра такога героя, як Кастусь Каліноўскі. Калі людзі забываюць, то пачынаюць гаварыць камяні. Да гэтай антычнай думкі можна аднесці сённяшную падзею. Бо проста зараз мала хто ведае, кім быў Кастусь Каліноўскі.
На ўрачыстым адкрыцці помніка былі прысутныя прадстаўнікі Польскай памежнай варты, гмінныя ўлады, школьная моладзь з Гарадка, рыма-каталіцкія і праваслаўныя мясцовыя святары ды жыхары Мастаўлянаў і ваколіц.
[Not a valid template]
[Not a valid template]
* * *
У Мастаўлянах, ля польска-беларускай мяжы, дзе нарадзіўся кіраўнік паўстання 1863 года Кастусь Каліноўскі, адбылося афіцыйнае адкрыццё помніка, прымеркаванага да 150-ай гадавіны паўстання.
З Мастаўлянаў перадае Юры Ляшчынскі:
— Два з паловай гады спатрэбіліся, каб помнік усталявалі і дайшло да адкрыцця, якое зараз адбудзецца. На ўрачыстасці прысутнічаюць некалькі дзясяткаў чалавек: прадстаўнікі памежнай варты Польшчы, улады гміны Гарадок, на чале з войтам, святары абедзвюх канфесіяў, школьная моладзь і мясцовыя жыхары вёскі. Адкрыццё помніка суправаджае невялікае выстава выданняў, прысвечаных кіраўніку паўстання 1863 года ў Беларусі Кастусю Каліноўскаму. У асноўным гэта беларускія публікацыі выдадзеныя БГКТ, а таксама Беларускім гістарычным таварыствам, некалькі насценных газетаў. На ўрачыстасці таксама выступіць з канцэртам гурт «Хутар» з Гарадка, які выканае між іншым песню, прысвечаную Кастусю Каліноўскаму.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя. Фота Улі Шубзды.