Урачыстае адкрыццё Сквера Вольнай Беларусі (абноўлена)
Урачыстае адкрыццё Скверу Вольнай Беларусі прайшло ля Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку. На адкрыцці прысутнічалі гарадскія ўлады: Прэзідэнт Беластоку Тадэвуш Трускаляскі, яго намеснікі Рафал Рудніцкі, Яцэк Бжазоўскі, Збігнеў Нікітаровіч, прыбыў дэпутат Роберт Тышкевіч.
Вольную Беларусь прадставіла высокая дэлегацыя на чале са Святланай Ціханоўскай. Акрамя гэтага сабраліся прадстаўнікі дыяспары Беларусі ў Беластоку і этнічных беларусаў Падляшша.
У складзе беларускай дэлегацыі Павел Латушка і Аліна Коўшык. Агулам сабралася каля 200 чалавек. Гучыць віншаванне з адкрыццём сквера Вольнай Беларусі, а таксама песня NRМ “Тры чарапахі”.
Адкрыццё прывітаў Прэзідэнт горада: „Гэта сімвалічны ходнік, невялікі, бо свабоды ў Беларусі такога ж памеру.
Кансулят зараз адзіны будынак у горадзе, які месціцца па адрасе Сквер Вольнай Беларусі”.
Тадэвуш Трускаляскі падкрэсліў, што ганебна, калі рэжым у Беларусі ёсць ворагам сваім грамадзянам.
„Жыве Беларусь!” – вітае прысутных Прэзідэнт Беластока.
Слова далі Святлане Ціханоўскай.
“Цешуся, што магу быць на адкрыцці Сквера Вольнай Беларусі. Тое месца заслугоўвае гэтай назвы, бо тут беларусы выказваюць пратэст і сулідарнасць, тут ушаноўваць памяць усіх тых, хто загінуў за Беларусь”.
Святлана Ціханоўская паабяцала, што ўсе вінаватыя панясуць адказнасць
Выказана падзяка Паўлу Латушка за ідэю сквера, і Прэзідэнту горада за падтрымку ідэі.
“Верым, што наш цяжкі час скончыцца Перамогай. Асобная падзяка беларусам Падляшша. што яны, жывучы ў незалежнай дзяржаве, не забываюцца на беларусаў. Наша будучыня – мірнае жыццё ў адзінай Еўропе. За гэта і ідзе змаганне, за гэта гінуць беларусы ў турмах і на ўкраінскім фронце. І гэтае адкрыццё – таксама ўнёсак у гэтую справу”, – падсумавала Ціханоўская.
Сквер Вольнай Беларусі абвешчаны адкрытым.
Слова ўзяў Павел Латушка.
“Адкрыццё сквера – лагічны працяг, каб Беларусь стала незалежнай краінай і ўнутры, і па-за межамі. У памяць аб памерлых і жывых беларусах трэба працягваць барацьбу”.
Выступае дэпутат Роберт Тышкевіч, які ўзгадаў палітзняволеных Анджэя Пачобута і Сяргея Ціханоўскага.
Слова ўзяў Павел Станкевіч, які адзначыў трапнасць надання новага адрасу для Консульства Беларусі ў Беластоку – Cквер Вольнай Беларусі, 9.
Прэзідэнт Беластока ўручыў дэлегацыі Вольнай Беларусі шыльды Сквера Вольнай Беларусі.
Мерапрыемства завершана. Дэлегацыя Вольнай Беларусі працягвае візіты ў горадзе і рухаецца ў бок фестывалю „Тутака”.
Беларускае Радыё Рацыя