Урачыстае паседжанне і канцэрт на 25 Сакавіка ў Беластоку (абноўлена)
Пасля мітынгу, на якім прысутнічала паўтысячы чалавек, у Беластоку ў залі па вуліцы Цёплай, 40 адбыліся ўрачыстае паседжанне і канцэрт з нагоды 105-х угодкаў БНР.
Беларуская нацыянальная меншасць ў Польшчы і Беларуская дыяспара ў Беластоку арганізавалі святкаванні. Дзень Волі адзначаецца беларусамі ўжо звыш стагоддзя і яднае нас усіх ідэя незалежнай, беларускай дзяржавы.
У Беластоку сёлета ў Арганізацыйны камітэт увайшлі:
Беларускі саюз у Рэчы Паспалітай
Беларуская дыяспара Беластока
Беларускае гістарычнае таварыства
Пачалася ўрачыстасць. Удзельнікі свята адзначаюць, што сёлета адзначэнне 25 сакавіка адбываецца з сумам, бо ў Беларусі знаходзяцца тысячы палітвязняў.
Адкрыў паседжанне Яўген Вапа, вядоўца імпрэзы – Ілона Карпюк.
Яўген Вапа: Перад вачыма бачыў твары айцоў заснавальнікаў БНР, тых герояў, якія яшчэ ў горшых умовах верылі ў беларускасць і ніколі не здаліся. І сцяг незалежнасці Беларусі перадавалі з пакалення ў пакаленне і ён нейкім чынам ёсць так моцны і так важны, што хоць яго і дабіваюць, але ёсць людзі, якія сабой яго ахоўваюць. Мы, як беларусы, засведчылі, што пераемнасць незалежнасці беларускай дзяржавы – яна ўжо ёсць вечная.
Удзельнікі праслухалі відэавіншаванне ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы
Традыцыйная і ўзнёслая хвіліна святкавання, калі традыцыйна ўручаюцца букеты бел-чырвона-белых кветак за нацыянальную працу ў мінулым 2022 годзе. Адзін з такіх букетаў атрымала Ганна Кандрацюк–Свярубска. Як адзначыў аргкамітэт, „за шматгадовае, універсальнае і выдатнае вандраванне з бязмежным, беларускім пісьменствам на старонках Нівы і сваіх рэпарцёрска–літаратурных кніжных выданнях. Мінулагодняя кніжка «У прысценках строга лесу» – гэта не проста расказ пра людзей з Белавежскай пушчы паабапал мяжы, але захаванне для беларускай нацыянальнай памяці супольнасці лёсу і гісторыі не аднаго пакалення беларусаў, падзеленых жалезнымі і візавымі занавесамі і мурамі , што раздзяляюць нашу духоўную еднасць”.
Чарговы лаўрэат Фонд Тутака, букет атрымаў яго прадстаўнік Зміцер Косцін. „Фонд Тутака цягам мінулага года даказаў сваёй ініцыятыўнасцю, што Тутака ў Беластоку і на Падляшшы з’яўляецца ўстановай з аб’ядноўваючай, беларускай культурнай прапановай усім беларусам. Фонд даказвае, што нашае фальклорнае і сучаснае павінны ісці з сабою нераздзельна разам, каб захаваць менавіта нашу тоеснасць. Новыя ініцыятывы і новыя формы мерапрыемстваў дазваляюць кожнаму беларусу на Падляшшы адшукаць для сябе цікавае, але таксама і карыснае для духоўнага развіцця. Далейшых поспехаў і аб’яднальных прапаноў у сваёй дзейнасці!”.
Іншымі лаўрэатамі сталі:
Кацярына Дзерман – прадстаўніца Беларускай дыяспары Беластоку, „за актыўную дзейнасць на карысць Бацькаўшчыны. За спалучэнне сілы духа і жаночай вытрымкі ў нялёгкіх выкліках беларускай справы. Таксама гуманнасць і ўзаемадапамога, спадарожнічаюць спадарыні Кацярыне ў яе штодзённых агульначалавечых выкліках. За супольнае дзеянне ўсіх беларусаў разам у нашай беластоцка–падляшскай рэальнасці”.
Беларускі ліцэй ў Гайнаўцы, дырэктар Ігар Лукашук, „памятаючы адначасна пра ўсіх вучняў гэтай школы і іхных бацькоў – Віншуем за працу і дасягненні на беларускай і асветнай ніве на фоне нашай меншасці і агульнапольскай навучальнай сістэмы. Прыклад супольнай дзейнасці настаўнікаў, бацькоў і вучняў – дазваляе вытрымоўваюь разам і ў неспрыяльных ветрах, што дзьмуць і на панадворку беларусаў Гайнаўшчыны і Падляшша. Крэатыўнасць, дальнабачлівасць, сямейная атмасфера дазваляе гаварыць усім пакаленняў выпуснікоў гайнаўскага беларускага ліцэя пра сваю школу – проста як наш ліцэй”.
Кацярына Дзерман: Тры гады ўжо ідзе наша змаганне, апошняе наша змаганне, бо іх у гісторыі было шмат. І мяне вельмі ўражвае сіла беларускага духу, сіла нашых людзей, нязломны дух нашых палітвязняў, іх апошнія словы ў судзе, іх лісты, якія яны пішуць – гэта проста можна параўнаць з мучанікамі ранняга хрысціянства. Гэта вельмі натхняльна і ня хочацца, каб мы гэта змарнавалі, хочацца, каб мы паважалі самы сябе – таму віншую яшчэ раз з Днём Волі.
Дзень Волі у Беластоку завяршыўся ўрачыстым канцэртам, на якім было пару сотняў чалавек — прадстаўнікоў мясцовай беларускай грамады і актывістаў новай дыяспары. Са сцэны гучалі віншаванні ад кіраўнікоў беларускіх арганізацый, выконваліся патрыятычныя песні і выказваліся спадзяванні на перамены ў самой Беларусі.
Кажуць удзельнікі імпрэзы:
–Мы толькі прыехалі і стаім са сцягамі, мы чуем песні, але хочацца ісці роднымі вуліцамі…
–Мы маем магчымасць святкаваць, настрой святочны, светлы, мы святкуем тут і ведаем якая сітуацыя ў Беларусі.
-Калі б мы патанулі ў слёзах і плачы, то мы б нічога не заваявалі б. Заўсёды трэба верыць у справу, што яна скончыцца перамогай.
Выступае Алег Кабзар
Сямейны гурт Бартосікаў
Прысутны на канцэрце сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Ігар Маслоўскі заўважыў, што ў яго супярэчлівыя эмоцыі ад сёлетняга святкавання ў звязку з рэпрэсіямі ўнутры Беларусі:
Дзень Волі ў Беластоку адзначаецца беларускай меншасцю з сярэдзіны 1980-х гадоў. Апошнія гады да мясцовых дзеячаў і актывістаў далучыліся прадстаўнікі новай дыяспары – людзі, якія выехалі ад рэпрэсій пасля задушэння дэмакратычнай рэвалюцыі 2020 года.
Беларускае Радыё Рацыя