Урачыстасці з нагоды Дня Канстытуцыі ў Беластоку
У Польшчы адзначаюць чарговую гадавіну прыняцця Канстытуцыі 3 траўня 1791 года. У Беластоку галоўныя ўрачыстасці прайшлі на Плошчы Касцюшкі ля помніка маршалку Пілсудскаму.
Тут улады горада ўсклалі кветкі і звярнуліся да беластачанаў з традыцыйнымі выступамі. Ваявода Падляшскі Багдан Пашкоўскі адзначыў важнасць Канстытуцыі 3 траўня для польскай гісторыі:
– Калі мы аб’яднаныя, мы здольныя ствараць вялікія рэчы, такія як Канстытуцыя 3 траўня. Гэты тэстамент Першай Рэчы Паспалітай быў справай, якую стварылі ў дзяржаве, дзе пражывала шмат народаў.
Багдан Пашкоўскі падкрэсліў, што ў Літве таксама адзначаецца Свята Канстытуцыі 3 траўня:
– Выказваю надзею, што 3 Траўня ў будучым стане святам, якое іншыя нашы суседзі, якія стваралі супольна Першую Рэч Паспалітую, змогуць святкаваць разам.
У Беластоку адбыліся набажэнствы ў Катэдры і Царкве святога Мікалая. Малітвы за Айчыну прайшлі таксама ў Доме мусульманскай культуры.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток