У Літве рыхтуюцца увесці надзвычайнае становішча ў сумежных з Беларуссю раёнах



Урад Літвы ўнёс у парламент (сейм) прапанову ўвесці надзвычайнае становішча на мяжы і ў пяцікіламетровай зоне ўздоўж яе з 10 лістапада тэрмінам на месяц, паведамляе delfi.lt.

Рэжым надзвычайнага становішча прапаноўваецца распаўсюдзіць на цэнтры пражывання мігрантаў і тэрыторыю ў радыусе 200 м вакол іх.

Надзвычайнае становішча прадугледжвае абмежаванне выкарыстання сродкаў сувязі нелегаламі, атрыманне і распаўсюджванне імі інфармацыі (за выключэннем выпадкаў звароту ў дзяржорганы), абмежаванне ўезду ў зону дзеяння надзвычайнага становішча і рэгістрацыі для пражывання. Абмяжоўваецца свабода сходаў. Дазваляецца дагляд транспартных сродкаў, грамадзян і іх багажу для выяўлення зброі, выбуховых, радыеактыўных, атрутных рэчываў, часовая канфіскацыя зброі і боепрыпасаў у асоб, якія маюць права на іх захоўванне, і інш.

Падставай для ўвядзення надзвычайнага становішча літоўскія ўлады назвалі здзейсненую 8 лістапада вялікай групай мігрантаў спробу прарыву беларуска-польскай мяжы і беспарадкі ў лагерах бежанцаў у самой Літве. Чыноўнікі не выключаюць, што гэтыя дзеянні былі скаардынаваныя.

8 лістапада прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце абмеркавала сітуацыю з прэзідэнтам Еўрапейскай камісіі Урсулай фон дэр Ляен. Як паведамляе прэс-служба літоўскага кабінета, Шыманіце заявіла, што „рэжым Лукашэнкі і сілавыя структуры мэтанакіравана „зачысцілі” Мінск ад патэнцыйных нелегальных мігрантаў, якія прыбылі ў сталіцу Беларусі, і накіравалі іх у бок Польшчы, да мяжы ЕС і Беларусі”.

„Тое, што робяць беларускія сілавыя структуры, — гэта злачынства супраць чалавечнасці. Еўрапейскі саюз павінен запатрабаваць ад Беларусі супрацоўніцтва з ААН і міжнароднымі арганізацыямі і дазволіць урадам краін паходжання [мігрантаў] вяртаць сваіх грамадзян. Перш за ўсё ў Ірак. Гэтыя людзі не толькі выкарыстоўваліся, але і сталі закладнікамі”, — сказала прэм’ер-міністр.

Паводле яе слоў, Еўракамісія і ААН павінны дапамагчы Іраку ў правядзенні гуманітарнай аперацыі за кошт рэпатрыяцыйных рэйсаў з Беларусі. Акрамя таго, Шыманіце заклікала паскорыць увядзенне санкцый супраць удзельнікаў схемы перакідкі нелегалаў, уключаючы турыстычныя кампаніі і авіяперавозчыкаў.