Урад Літвы ўхваліў прапанову МУС па пабудове плота на мяжы з Беларуссю



Урад Літвы на пасяджэнні 23 жніўня ўхваліў праект Міністэрства ўнутраных спраў па ўзвядзенні 508-кіламетровага плота на мяжы з Беларуссю, паведамляе прэс-служба літоўскага МУС.

Выканаць праект даручана групе кампаній EPSO-G, якая знаходзіцца ў падпарадкаванні Міністэрства энергетыкі Літвы.

„Фізічная перашкода неабходная для адбіцця гібрыднай атакі беларускага рэжыму супраць Літвы і ўсяго Еўрапейскага саюза, — заявіла на пасяджэнні прэм’ер-міністр Інгрыда Шыманіце. — Для будавання гэтага аб’екта дзяржаўнай важнасці абраная кампанія, у якой ёсць вопыт рэалізацыі праектаў такога маштабу. Празрыстасць і хуткасць — галоўныя прыярытэты пры ўзвядзенні фізічнага бар’ера”.

Згодна з праектам, вышыня металічнага плота павінна быць не меншай за 3 м, ён павінен быць устойлівым да зменлівых умоў надвор’я. Папярэдні кошт праекта складае 152 млн еўра.

„Пабудаваць плот як мага хутчэй — наш прыярытэт, — заявіла кіраўнік МУС Літвы Агне Білатайце. — Гэта не проста плот, гэта ахоўная сцяна для нас і ўсяго Еўразвяза. <…> Прыняты адпаведны закон, прызначаны выканаўца праекта, мы выдаткуем столькі грошай, колькі будзе трэба. Мяжу будзем уладкоўваць разам з арміяй, Саюзам стралкоў, бізнесам. Калі спатрэбіцца, літоўскі народ дапаможа. Мы будзем абараняцца разам”.

У Літве будзе створаная камісія маніторынгу ходу рэалізацыі праекта, якую ўзначаліць Шыманіце. У камісію ўвойдуць члены ўрада, парламенцкага камітэта па бюджэце і фінансах, кіраўніцтва Службы аховы дзяржаўнай мяжы, а таксама Дзяржінспекцыі тэрытарыяльнага планавання і будаўніцтва пры Міністэрстве навакольнага асяроддзя.

Як паведамлялася, у сувязі з павелічэннем патокаў нелегальных мігрантаў з боку Беларусі 2 ліпеня ў Літве абвясцілі экстрэмальную сітуацыю. Паводле звестак Дэпартамента статыстыкі Літвы, з пачатку года беларуска-літоўскую мяжу незаконна перасеклі больш за 4,1 тыс. чалавек (у 51 раз больш, чым за ўвесь 2020-ты), у асноўным грамадзяне Ірака.

З пачатку міграцыйнага крызісу Літва ўзмацніла ахову мяжы з Беларуссю. На дапамогу літоўскім памежнікам накіравалі прадстаўнікоў іншых ведамстваў, армію, акрамя таго ў краіну прыбылі супрацоўнікі Еўрапейскай службы памежнай і берагавой аховы (Frontex), а таксама пагранслужбаў Эстоніі і Аўстрыі.

У якасці адной з мер абароны мяжы ад парушальнікаў у Літве ўздоўж мяжы з Беларуссю пачалі расцягваць загароду з калючага дроту.

БелаПАН

Фота: delfi.lt