Ураду давярае ўсяго траціна жыхароў Украіны
Цэнтр Разумкова прадставіў чарговыя вынікі сацыялагічнага апытання. Больш за палову ўкраінцаў у рознай ступені не давяраюць Кабінету міністраў Украіны. Відавочна, што чаканні ад ураду не спраўджваюцца, і ўжо гучаць галасы, пра неабходнасць зменаў сярод украінскіх элітаў, што вядома паспрабуе выкарыстаць і Расея, мяркуе ўкраінскі палітолаг Яраслаў Чарназуб:
– Пуцін таксама гуляе ў гэтыя новыя гульні, новыя праекты, чаго вартая ягоная рыторыка “трэцяга Майдану”. На жаль, сёння як пуцінскія агенты, так і людзі не ва Украіне гавораць пра неабходнасць вываду краіны з крызісу, пабудовы падмурку для новай еўрапейскай Украіны. І такія размовы ва ўнісон вельмі небяспечныя.
Паводле апытання цэнтру Разумкова, найбольшым даверам украінцаў карыстаюцца Царква, украінскія СМІ, армія і прэзідэнт. Найбольш украінцы не давяраюць Расейскім СМІ, банкам, судам, міліцыі ды палітычным партыям.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота korrespondent.net