“Усе чакаем контрнаступу і спадзяемся, што перамога не за гарамі”
Першыя месяцы не было разумення таго, што рабіць далей і што адбываецца навокал. Але потым усё стабілізавалася, і зараз жыццё выглядае настолькі нармальным, наколькі гэта можна сабе ўявіць.
Акрамя толькі таго, што на вуліцах можна сустрэць вайскоўцаў, – распавёў наш сённяшні “Госць Рацыі” беларус Валянцін Цішко, які ў ваенны час вырашыў застацца ва Украіне:
–Я знаходжуся на самым захадзе Украіны – гэта горад Львоў. На маё шчасце, я ў глыбокім тыле. Тут я ўжо два гады. У прынцыпе на сёння ўсё выглядае больш-менш цудоўна і нармальна. Цішыня, нас болей не бамбяць. Праўда, прылятае па вобласці ці па суседніх абласцях, але ў нас цішыня. Народ прывык ужо да паветраных трывог, да паліцыі ў горадзе, да вайсковых. Таму зараз усё нармальна. Адзінае, што першыя месяцы было ні тое каб страшна, а незвычайна. Бо, на шчасце, не кожны дзень перажываеш вайну ў краіне, у якой жывеш.
РР: Як вы змаглі адаптавацца да вайны?
Валянцін Цішко: Адаптацыя цягнулася месяцы тры, напэўна. Бо ў першы месяц я проста сядзеў, чытаў навіны, і быў такоў “гароднінай”. З хаты не выходзіў, толькі сядзеў з шырока адкрытымі вачыма. А пасля зразумеў, што трэба нешта рабіць, бо можна проста “каня дзвінуць”. І я пайшоў валанцёрам на вакзал. Месяц валанцёрства крыху прывёў мяне ў рэальнасць. А зараз у прынцые нармальна. Адзінае, што вайна, канешне, паламала ўсе планы. Я застаўся без працы. І каб нечым сябе заняць, і не пагрузнуць у патоку сумных навін, я ўзяўся за дробную маторыку, пачаў вышываць крыжыкам.
РР: Ці чуваць штосьці пра контрнаступ?
Валянцін Цішко: Пра контрнаступ гаворыцца шмат, але гаворыцца кім? Альбо афіцыйнымі асобамі ў СМІ, альбо ўмоўнай “бабай Зінай”. Таму мы ўсе чакаем контрнаступу, спадзяемся на яго, і спадзяемся, што перамога не за гарамі. Але ніякай канкрэтыкі няма. Да таго ж афіцыйныя асобы, калі гавораць пра контрнаступ, гэта можа быць фэйкавая навіна, каб маральна задушыць ворага. Таму частку навін адсейваю, бо разумею, што гэта можа быць часткай інфармацыйнай вайны.
РР: Што адбываецца зараз з цэнамі на жытло і з цэнамі ў крамах?
Валянцін Цішко: З першага месяца вайны, літаральна з першага ж дня, цэны на жытло ў Львове падскочылі ў тры разы. Прычым, ёсць некаторыя кватэры, у Львове іх называюцца “кавалеркі” , гэта літаральна 10 метраў квадратных, яны каштавалі даляраў 150 максімум плюс камуналка. То нават яны пачалі каштаваць 300. Паціху цэны падаюць, людзі вяртаюцца на ўсход Украіны, але ўсё роўна цэны не вярнуліся на даваенны ровень. А цэны ў магазінах таксама падскочылі з першых дзён вайны. Напрыклад, кава падаражэла ў 2,5 раза, яйкі – у 3 разы. Пасля таго, як дзяржава ўзялася за гэтае пытанне, цэны амаль што вярнуліся на ранейшы ровень.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Валянцін Цішко дадаў, што самае складанае для беларусаў ва Украіне – гэта пытанне з легалізацыяй. Але калі прыкласці намаганні, то часта ўдаецца яго вырашыць.
Беларускае Радыё Рацыя