Усходні эканамічны кангрэс у Беластоку
Польскія бізнесоўцы шукаюць магчымасці для супрацы з беларускім бокам. Як кажа арганізатар Усходняга эканамічнага кангрэсу Войцех Кусьпік, старшыня ўправы Польскага таварыства падтрымкі прадпрымальніцтва, зацікаўленне бізнесоўцаў бліжэйшым суседам Польшчы – Беларуссю – вельмі вялікае:
– Вельмі часта чую з боку польскіх прадпрымальнікаў, што, калі глядзець на Усход, найбольшыя шансы і магчымасці ёсць у супрацы з Беларуссю. І я думаю, што, сапраўды, з боку польскіх прадпрымальнікаў жаданне супрацы з Беларуссю даволі вялікае. Таму тут ёсць усе магчымасці для нас. Адзінае, што патрэбна для таго, каб усё гэта працавала, – адсутнасць тармазоў палітычна-адміністрацыйных.
А ўсходні эканамічны кангрэс спрыяе наладжванню непасрэдных кантактаў прадпрымальнікаў, кажа Андрэй Бароўскі з Падляшша:
– Я браў удзел у такіх сустрэчах, дзе адзін з беларускіх прадпрымальнікаў прыехаў і прапанаваў шырокую супрацу. Прапануе бізнес, які мае вялікія падатковыя прэферэнцыі з прычыны працаўладкавання інвалідаў.
Усходні эканамічны кангрэс праходзіць у Беластоку з удзелам палітыкаў, эканамістаў ды спецыялістаў у галіне навукі і бізнесу.
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
* * *
Рашэнні, прынятыя ўрадам Украіны адносна Данбасу, гэта найперш справа і адказнасць самой Украіны, – адзначыў у каментары для нашага радыё еўрадэпутат, былы старшыня Еўрапейскага парламенту Ежы Бузэк.
Пры гэтым еўрадэпутат адзначыў, што асабіста ён мае сумневы адносна закона аб асаблівым статусе Данбаса – ўкраінскага рэгіёну, які цяпер знаходзіцца пад катролем сепаратыстаў:
– Прэзідэнт Парашэнка, ці прэм’ер Яцанюк, як і члены ўкраінскага парламенту лепш ведаюць сітуацыю і ведаюць, што можна рабіць, а чаго нельга. Я, зразумела, маю сумненні наконт таго, ці правільнае гэтае рашэнне.
Прыгадаем, што 16-га верасня ўкраінскі парламент прыняў закон аб адмысловым статусе для Данбаса і закон аб амністыі для баевікоў. Згодна з дакументам, «асаблівы парадак самакіравання» ўсталёўваецца на тры гады з часу прыняцця закона. Пазачарговыя мясцовыя выбары прызначаюцца на 7 снежня 2014 года, забараняецца датэрмінова спыняць паўнамоцтвы выбраных на іх дэпутатаў.
* * *
Тэму малога памежнага руху паміж Беларуссю і Польшчай закрануў у час свайго выступу на Усходнім эканамічным кангрэсе ў Беластоку прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі.
„Польская ўсходняя сцяна – гэта таксама ўсходняя сцяна Еўразвязу”, – прыгадаў прэзідэнт. Ён адзначыў, што памежны рэгіён дае значныя шанцы на развіццё, якімі ўжо скарысталіся Украіна і Калінінградская вобласць Расеі, з якімі Польшча ўвяла малы памежны рух:
– Тое, што не атрымалася ўвесці малы памежны рух з Беларуссю, гэта вынік перашкод палітычнага характару. Аднак тыя тэндэнцыі, якія можна зараз заўважыць у палітыцы Усходняй Еўропы з-за агрэсіі Расеі супраць Украіны, яны таксама будуць уплываць і на адносіны з нашым беларускім суседам. Варта пра гэта памятаць.
Дамову пра малы памежны рух паміж Беларуссю і Польшчай падпісалі ў лютым 2010 года. Яе ўвядзенне ў жыццё немагчымае толькі з адной прычыны – беларускі бок так і не перадаў у Варшаву ратыфікацыйную ноту. Прэзідэнт Браніслаў Камароўскі падкрэсліў, што гэта пытанне палітычнага характару.
[Not a valid template]
[Not a valid template]
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
* * *
Беларусь – гандлёая брама ў Расею і сярэднюю Азію, лічыць адзін з удзельнікаў Усходняга гаспадарчага кангрэсу Андрэй Бароўскі. Гэта магчымы варыянт экспарту ды супольнай вытворчасці з беларускімі партнёрамі, якія заяўляюць пра гатовасць супрацы, а для польскіх прадпрымальнікаў – гэта прываблівая перспектыва, кажа Андрэй Бароўскі:
– Гэта можа спрыяць распаўсюду нашай прадукцыі на рынкі Расеі і краіны Цэнтральнай Азіі. Беларусь, як наш бліжэйшы сусед, можа стаць для гэтага своеасаблівай брамай. Яна і зараз ёй з’яўляецца, калі мець на ўвазе продаж малака ці мяса. У Беларусі няма эмбарга на сельгаспрадукты і гэта добрая аказія прадаваць сюды свае прадукты, а таксама супрацоўнічаць з беларускімі партнёрамі.
Аднак польскія прадпрымальнікі бачаць у супрацы з Беларуссю не толькі магчымасці развіцця, але і небяспеку, кажа Славамір Ясінскі, які займаўся дрэваперапрацоўкай і вымушаны быў закрыць свой бізнес у Беларусі:
– Польскія прадпрымальнікі ствараюць у Беларусі фірмы, укладваюць свае сродкі, але не маюць гарантый, што іхны бізнес будзе існаваць і развівацца.
Тым не менш, як кажуць бізнесоўцы, пры наяўнасці надзейных партнёраў і падтрымцы ў кантактах з беларускай адміністрацыяй, яны гатовыя да супрацы.
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Людзі палітыкі, бізнесу, навукі і эканомікі размаўляюць у Беластоку, дзе праходзіць Усходні эканамічны кангрэс. Гэта найважнейшае такога кшталту мерапрыемства ў Цэнтральнай Еўропе. Удзельнікі кангрэсу абмяркоўваюць супрацу паміж Польшчай і ЕЗ у цэлым, а таксама краінамі Усходняй Еўропы ды шукаюць магчымасці развіцця гэтай супрацы. Як кажа арганізатар кангрэсу Войцех Кусьпік, усходні рынак сёння – гэта вялікае пытанне.
– Сапраўды, ніхто не ведае, як будзе развівацца канфлікт ва Украіне. Гэта рызыка ў супрацы з Усходам, якая толькі ўзрастае. І гэтая рызыка двухбаковая. Прыклад гэтага – эмбарга. Але будзем спадзявацца, што такія сустрэчы штораз будуць паляпшаць сітуацыю, наладжваць партнёрскія стасункі, якія будуць палягаць на даверы, канкрэтных праектах і канкрэтнай супрацы.
Цягам двух дзён Усходняга эканамічнага кангрэсу сустрэнецца звыш тысячы гасцей, якія ўдзельнічаюць у некалькіх дзясятках дыскусійных панэляў са сферы бізнесу, здароўя, энергетыкі, гандлю і палітыкі.
[Not a valid template]
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота аўтара
* * *
Усходні эканамічны кангрэс можа стаць добрай пляцоўкай для агучвання важных праблемаў, якія тычацца Польшчы, Беларусі ды Украіны. Такое меркаванне выказвае польская журналістка Марыя Пшэломец, якая прымае ўдзел у гэтым мерапрыемстве, што праходзіць у Беластоку. Журналістка выказвае пры гэтым шкадаванне, што з пэўных аб’ектыўных прычынаў беларускі бок не прадстаўлены тут шырока, а сама сітуацыя ў рэгіёне не з’яўляецца простай:
– Сітуацыя зараз вельмі ўскладнілася з прычыны вайны ва Украіне. Але мне падаецца, што трэба спрабаваць. Гэта працэс, які не наступае адразу. Гэта тое, што разлічана, на маю думку, на доўгі тэрмін. Але вада точыць камень. Таму такія сустрэчы, канферэнцыі, памежныя кантакты і праца найлепш паказваюць, як функцыянуе нармальная гаспадарка, нармальныя стандарты і чаму гэта акупляецца.
На думку Марыі Пшэломец, эканамічныя пытанні, якія тычацца Польшчы, Беларусі ды Украіны, нельга поўнасцю аддзяліць ад палітыкі. На Усходнім эканамічным кангрэсе ў Беластоку абмяркоўваюць шырокі спектр пытанняў – ад малога памежнага руху да супрацы на ўзроўні мясцовых органаў самакіравання ў межах краін-удзельніц Усходняга партнёрства ды Еўразвязу. Кангрэс праходзіць 18-19 верасня ў Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку.
* * *
Дамова пра малы памежны рух паміж Беларуссю і Польшчай была падпісаная ў лютым 2010 года – прыгадвае польскі амбасадар у Менску Лешэк Шарэпка. Адзінае, што не дазваляе распачаць яе ўвядзенне ў жыццё – гэта той факт, што беларускі бок да гэтага часу не перадаў у Варшаву адпаведную ноту. Аднак, як заўважае амбасадар, не выключана, што дамова ўжо патрабуе пэўнага ўдакладнення, паколькі з часу яе падпісання прайшло амаль чатыры гады:
– Цяжка сказаць, калі гэта адбудзецца. Беларускі бок зараз аналізуе досвед, які атрымаў ад падпісання дамовы з Латвіяй. І, наколькі я ведаю, гэты досвед пазітыўны. Мы зараз мусім атрымаць ноту ад беларускага боку, якая пацвярджае факт ратыфікацыі дамовы. Толькі гэта.
Аднак Лешэк Шарэпка не бярэцца прадказваць, калі гэта можа адбыцца, паводле яго – можа праз тыдзень, а можа праз дзесяць гадоў. Амбасадар прыводзіць прыклад умовы, якая датычыць беларуска-ўкраінскай мяжы, ратыфікацыя якой наступіла толькі праз 15 гадоў. Тэму малога памежнага руху абмяркоўваюць у межах Усходняга эканамічнага кангрэсу, які праходзіць у Беластоку.
* * *
Пра патэнцыял Падляшскага ваяводства як пасярэдніка паміж Усходам і Захадам будуць, між іншым, гаварыць у час Усходняга эканамічнага кангрэсу ў Беластоку. Адкрылі мерапрыемства ў будынку Падляшскай оперы і філармоніі прастаўнікі ўладаў рэгіёну, у тым ліку прэзідэнт Беластоку Тадэвуш Трускаляскі. Ён адзначыў, што такая роля пасярэдніка яшчэ не выкарыстоўваецца напоўніцу:
– Гэта адбываецца, але на жаль, толькі на ўзроўні неарганізаванай гандлёвай турыстыкі. Мы хацелі б, каб змены адбыліся ў сферы бізнесу, каб бізнесоўцы думалі, што трэба ствараць у Беластоку фірмы, якія будуць гандляваць з усходам, таму што гэта па-просту бліжэй. У нас агульная, вельмі важная мэта. Але ў гэтыя хвіліны адбываюцца дэбаты на тэму паляпшэння памежных спраў. Яшчэ не было такой магчымасці, каб сабраліся разам міністры Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны, каб паразмаўляць пра супольныя праблемы.
Цягам двух дзён на эканамічным кангрэсе будуць абмеркаваныя пытанні гандлёвай супрацы, інвестыцый, аховы здароўя, энергетыкі ды іншыя. Ганаровым госцем мерапрыемства стане прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі.
* * *
18-19 верасня ў будынку Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку адбудзецца Усходні эканамічны кангрэс. Сярод яго асноўных тэмаў – эканоміка ўсходняй Польшчы, яе сувязі з краінамі-суседкамі ды еўрапейскімі дзяржавамі. Двухдзённая серыя дэбатаў, сустрэчаў ды іншых мерапрыемстваў пройдзе з удзелам гасцей з Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны ды іншых краін. Як кажа арганізатар кангрэсу Войцех Кусьпік з PTWP Group SA, гэта будзе найвялікшая такога тыпу мерапрыемства ва ўсходняй Польшчы:
– Кангрэс тычыцца, з аднаго боку, адносін Польшчы, Еўразвязу з нашымі ўсходнімі суседзямі. А з іншага боку, тычыцца развіцця нашых усходніх рэгіёнаў. Разлічваем на прыкладна тысячу трыста гасцей, на кангрэс прыедзе прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі. Будзе маштабнае прадстаўленне бізнесу рэгіёнаў Усходняй Польшчы, будуць таксама і замежныя госці.
«Маем надзею, што кангрэс стане добрай платформай для дыскусій, што цяпер з’яўляецца вельмі важным», – дадае Войцех Кусьпік. У межах кангрэсу будуць абмеркаваныя не толькі пытанні, якія тычацца эканомікі ды энергетыкі, але таксама пытанні сучаснай мяжы, увядзення ў жыццё малога памежнага руху, аховы здароўя, інвестыцый ды іншыя.
* * *
18-19 верасня ў будынку Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку адбудзецца адна з найвялікшых дыскусій на тэму эканомікі ўсходняй Польшчы, яе сувязей з краінамі-суседкамі ды еўрапейскімі дзяржавамі, з удзелам больш чым 1300 чалавек. Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі будзе адмысловым госцем другога дня Усходняга эканамічнага кангрэсу.
Галоўнай ідэяй кангрэсу з’яўляецца, між іншым, прэзентацыя эканамічнага патэнцыялу польскага ўсходняга рэгіёну, яго ацэнка як каштоўнага пасярэдніка ў адносінах паміж Усходам і Захадам Еўропы. Двухдзённая серыя дэбатаў, сустрэч і суправаджальных мерапрыемстваў пройдзе з удзелам гасцей з Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны, краінаў Еўропы.
Пасля ўрачыстага адкрыцця кангрэсу ў чацвер, 18 верасня, распачнуцца тэматычныя сесіі. Першыя з іх прысвечаныя тэме Сучаснай мяжы і пытанню ўвядзення так званага малога памежнага руху. Сярод удзельнікаў абмеркавання гэтых тэмаў заяўленыя, між іншымі, кіраўнікі мытных службаў Польшчы, Украіны, Беларусі і Літвы. На тэму эканамічнай супрацы ў межах Еўразвязу і Усходняга Партнёрства выступяць дэпутат польскага Сейму, старшыня камісіі замежных спраў Гжэгаж Схетына, амбасадар Малдавіі ў Польшчы Юры Бодруг, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Польшчы ды іншыя асобы.
Пытанні супрацы Еўразвязу з краінамі Усходняга партнёрства абмяркуюць у тым ліку еўрадэпутат ад Польшчы Ежы Бузэк, віцэ-міністр эканомікі Беларусі Антон Кудасаў, міністр эканомікі Польшчы Януш Пехацінскі, польскі сенатар Владзімеж Цімашэвіч ды іншыя. Таксама на кангрэсе абмяркуюць пытанні, якія тычацца сфераў энергетыкі і аднаўляльных крыніц энергіі, аховы здароўя, інвестыцый ды іншыя.
Суправаджаць падзеі Усходняга эканамічнага кангрэсу будзе ўзнагароджанне ТОП найлепшых польскіх усходніх інвестыцый у 2014 годзе, што рэалізуюцца органамі мясцовага самакіравання, камунальнымі прадпрыемствамі, ці асобамі, якія ўнеслі найбольшы ўклад у развіццё рэгіянальнай эканомікі ўсходняй Польшчы ў апошняе дзесяцігоддзе.
Арганізатарам Усходняй эканамічнага кангрэса з’яўляецца PTWP Group SA, ініцыятар і арганізатар Еўрапейскага эканамічнага кангрэса ў Катавіцах.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота stewiapolska.com