Усходні эканамічны кангрэс у Беластоку (абноўлена)



Каб мяжа не была праблемай для эканомікі – тэма, якая актыўна закраналася ў Беластоку падчас чарговага Усходняга эканамічнага кангрэса, што праходзіў у сталіцы Падляшша. Тут сабраліся некалькі соцень бізнесоўцаў і экспертаў, палітыкаў і чыноўнікаў, якія прымаюць эканамічныя рашэнні. Аб праблемах польска-беларускай мяжы, між іншым, казаў Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гародні Яраслаў Ксёнжэк.

– Гэта мяжа дзвюх вялікіх сістэм. І мяжа дзвюх вялікіх эканамічных сістэм, якія дапасавалі мажлівасць супрацы да правілаў, адрозных паміж гэтымі сістэмамі. Цяжка мне сказаць, гэта большая праблема для малых прадпрымальнікаў ці для буйных.

І для вырашэння такіх праблемаў – свабодная эканамічная зона «Гроднаінвест» прапануе стварыць «сухі порт», гэта комплекс лагістычных цэнтраў, якія акурат  спросцяць працэс перамяшчэння грузаў праз мяжу. У Гародні таксама дакладна разумеюць, што яны знаходзяцца на мяжы двух гаспадарчых сістэм – Еўразійскага эканамічнага саюза і ЕЗ. Паведамляе намеснік кіраўніка адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвест» Дзмітрый Ражкоў:

-“Гроднаінвест” размешчана на мяжы мытных саюзаў ЕАЭЗ і ЕЗ, і з’яўляецца істотным фактарам для развіцця такіх праектаў у частцы лагістыкі. Таму што заўсёды мяжа – гэта праблема. На мяжы грузы спыняюцца, ідуць павольней. Таму мы прапаноўваем з кожнага боку развіваць менавіта праекты ў сферы лагістыкі, як у Гарадзенскай вобласці, – гэта ў Свіслачы і Гарадзенскім раёне, так і з польскага боку.  

На Усходнім эканамічным кангрэсе, які праходзіў ў Беластоку – прадстаўнікі свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвест» прэзентавалі праект «сухога порта» і шукалі патэнцыяльных інвестараў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

* * * 

Супрацоўніцтва Польшчы і Беларусі атрымала новыя перспектывы пасля стварэння ў Сейме польска-беларускай парламенцкай групы. Такое меркаванне ў інтэрв’ю для нашага радыё выказаў віцэ-маршалак Падляшскага ваяводства Станіслаў Дэрэгайла.

Гаворачы пра трансгранічнае супрацоўніцтва, ён адзначае, што актыўна развіваюцца культурныя кантакты, аднак варта больш шчыльна заняцца гаспадарчымі тэмамі:

– Пасля стварэння польска-беларускай парламенцкай групы, у чым вялікая заслуга дэпутата Сейму Мечыслава Казімежа Башко, мы пачалі дыялог, які на працягу доўгага часу не было магчымасці весці. Гэтыя размовы, спадзяюся, прывядуць да развіцця эканамічнага супрацоўніцтва. На сённяшні дзень вельмі актыўнае культурнае супрацоўніцтва, ёсць многа трансгранічых праектаў, але мы павінны пайсці крок далей, павінны развіваць эканамічнае супрацоўніцтва, бо мы з’яўляемся адзінай супольнай еўрапейскай сям’ёй. 

На пытанне, ці не баіцца падляшскі бізнес інвеставаць у Беларусі з увагі на палітычны клімат у краіне, віцэ-маршалак выказаў меркаванне, што бізнесоўцаў хутчэй палохае не супраца з беларускім бокам, а дзейнасць расейскіх контрагентаў.

* * * 

Беласток шосты раз сабраў прадстаўнікоў бізнесу і ўладаў у межах Усходняга эканамічнага кангрэсу.

Тэма сёлетняга мерапрыемства – “Тут сустракаецца Захад з Усходам”, а сярод галоўных тэмаў – трансгранічнае супрацоўніцтва.

Па словах маршалка Падляшскага ваяводства Артура Касіцкага, рэгіён актыўна карыстаецца са свайго пагранічнага размяшчэння:

– Нашае ваяводства ляжыць на усходняй мяжы Еўрапейскага звяза, і мы гранічым акурат з Беларуссю. Калі казаць пра дзяржавы з-за ўсходняй мяжы, то Беларусь – наш найважнейшы партнёр: эканамічны, але таксама ў галіне культурнага, спартовага ды іншага супрацоўніцтва, якое і вынікае з нашага размяшчэння.

Сярод пастаянных удзельнікаў Усходняга эканамічнага кангрэсу – прадстаўнікі беларускага боку, у тым ліку мясцовых уладаў, а таксама дыпламаты. Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Ала Фёдарава падкрэслівае важнасць кангрэсу як месца, дзе наладжваюцца кантакты:

– Гэта для нас найважнейшае мерапрыемства, якое праходзіць тут, у Беластоку. Кожны год сюды прыязджаюць нашыя беларускія дэлегацыі, партнёры з Беларусі і Польшчы супольна працуюць і падпісваюць дамовы і кантракты. Беласток недалёка ад Беларусі, гэта блізкая для нас зямля ва ўсіх сэнсах, таму і людзі з Беларусі сюды прыязджаюць, што з’яўляецца карысным для абодвух бакоў.

Усходні эканамічны кангрэс працягваецца два дні, 25-26 верасня. Гаворачы аб практычных выніках мерапрыемства, удзельнікі адзначаюць найперш наладжванне кантактаў, з чаго ў далейшым вынікаюць канкрэтныя дамовы і праекты.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток