Устаноўлены „беркутаўцы”, якія прымалі ўдзел у расстрэлах на Майдане



Украінскія праваахоўнікі ўстанавілі  асобы “беркутаўцаў”, якія прымалі ўдзел у расстрэле пратэстоўцаў 20-га лютага мінулага года на вуліцы Інстытуцкай ў Кіеве, паведамляе агенства  УНІАН са спасылкай на прэс-службу Генпракуратуры. Як стала вядома,  следства выявіла ўсіх байцоў роты спецпрызначэння палка міліцыі спецпрызначэння „Беркут”, якія стралялі па пратэстоўцах.

20 лютага 2014 года ад куль спецназаўцаў загінулі трыццаць дзевяць  удзельнікаў мірных пратэстаў і не менш за восем чалавек былі параненыя.

Раней следства затрымала двух байцоў і камандзіра гэтага падраздзялення. Паводле следства, пад падазрэннем знаходзяцца яшчэ 20 байцоў так званай „чорнай роты”. Паведамляецца, што 23 лютага два падазраваныя байцы былі затрыманыя, а іншыя абвешчаныя ў вышук. Суд вынес пастановы аб іх затрыманні дзеля абрання меры стрымання. Следчыя правялі адначасова ў Кіеве і шасці абласцях Украіны больш за дваццаць ператрусаў, а таксама іншыя следчыя і працэсуальныя дзеянні. У выніку былі атрыманыя дадатковыя звесткі пра дачыненне “беркутаўцаў” да інкрымінаваных злачынстваў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота zn.ua