Усё больш украінцаў хоча пераехаць у Польшчу
Гэта паказвае апытанне праведзенае сярод асобаў, якія ўжо працуюць у Польшчы. Шмат хто з іх плануе пераехаць з сям’ёй.
Апытанне правяло агенцтва EVL, якое займаецца прыцягненнем працоўнай сілы з усходу Еўропы і Азіі ў Польшчу, пры супрацоўніцтве са „Студыюм Усходняй Еўропы” Варшаўскага ўніверсітэту.
На адну трэцюю вырасла колькасць асобаў, якія хочуць пераехаць у Польшчу, значная частка з іх мае вышэйшую адукацыю. Украінцаў прывабліваюць заробкі, узровень жыцця, а таксама грамадскія фактары – блізкасць мовы ды культуры, кажа кіраўнік управы EVL Анджэй Корус.
Таксама сярод прычын на карысць пераезду з’яўляюцца лепшыя перспектывы для дзяцей. Калі б працэдуры атрымання дазволу на сталае пражыванне спрасцілі, то гэта было б штуршком для пераезду ў Польшчу.
Выраслі таксама чаканні адносна зарплаты. Яшчэ ў 2018 годзе за мінімальную гадзінную стаўку былі гатовыя працаваць 40% украінцаў, сёння гэта толькі 6%.
На жаль украінцы ў Польшчы надалей сустракаюцца з несумленнымі працадаўцамі. Тут амаль адна трэцяя сутыкнулася з сітуацыямі, калі заробак быў меншы за абяцаны, або ўмовы працы аказаліся горшымі за прапанаваныя.
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя