Усё мае свой пачатак і сваё завяршэнне



Фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча” не стаў выключэннем. Сёлета пройдзе апошні фестываль, арганізаваны Беларускім аб’яднаннем студэнтаў. У той жа час “Басовішча” адсвяткуе і значны юбілей – сваё 30-годдзе.

На размову з госцем запрашае Яна Запольская. А наш сённяшні госць – сябра ўправы Беларускага аб’яднання студэнтаў Лідзія Пякарская.

РР: Сустракаемся з Вамі з нагоды дзвюх падзей: сумнай і пазітыўнай. Радасная навіна даўно з намі – гэта тое, што сёлета адзначаем 30-ты, юбілейны, фестываль «Басовішча» 19-20 ліпеня. Але літаральна некалькі дзён таму БАС афіцыйна абвесціў пра тое, што гэта апошняе «Басовішча», якое БАС арганізуе. Як падыходзіць да такіх навінаў: нам чакаць з радасцю фестываль ці сумаваць разам з БАСам?

Лідзія Пякарская: Чакаць напэўна з радасцю, бо гэта будзе добры выпуск. І мы робім усё, каб з гонарам закончыць гэты фестываль. Вядома, будзе сумна, і нам таксама. Але, я думаю, трэба перадусім цешыцца тым, што маем цяпер, што гэты выпуск будзе таксама якасны і цікавы. Таму варта прыехаць і проста святкаваць гэты апошні раз разам з намі ў Барыку.

РР: Ці не было страшна прымаць такое рашэнне, што фестываль будзе апошнім? За вамі застанецца гэта: вы былі тымі, хто спыніў гэта.

Лідзія Пякарская: Напэўна. І гэта было цяжка, бо мы ведалі, што калі абвесцім пра гэта ў фэйсбуку, вышлем мэйлы да медыя і нашых партнёраў, то гэта будзе канчатковым пунктам і нашага рашэння ўжо не зменім.

Цяжка было паведаміць пра гэта, але такое рашэнне саспявала многія гады. Трэба мець шмат адвагі, каб проста глянуць сабе ў вочы і сказаць, што больш не зможам. Арганізацыя такога фестывалю – гэта прыемна, але разам з тым тут шмат працы для той сістэмы, якую мы дагэтуль мелі. Цяпер цяжка арганізаваць фестываль, калі гэта не цэлая група людзей, якая ўвесь год над гэтым працуе і мае дастатковыя сродкі. А мы мелі і мала часу, і мала сродкаў.

Гэта было цяжкае рашэнне, але мы не самі прынялі яго. Гаварылі са многімі людзьмі, з тымі, якія арганізавалі і «Басовішча», і іншыя музычныя мерапрыемствы, якія маюць большы досвед, чым мы. Пасля многіх дыскусій усе разумелі, што гэта найлепшае рашэнне.

РР: Мне так падалося, што ва ўсім гэтым ёсць пэўны сімвалізм. Твае бацькі, Міраслаў і Барбара Пякарскія, стаялі ля вытокаў фестывалю 30 гадоў таму, пазней твая старэйшая сястра была сярод арганізатараў і старшынёй БАСа доўгі час. І вось цяпер ты, малодшая ў сям’і, ставіш кропку ва ўсім гэтым.

Лідзія Пякарская: Так, сімвалічна выглядае. І гэта якраз тое, што мне найбольш балела. Я ведала, што мяне будуць пра гэта пытаць. Але думаю, што як мае бацькі і іх сябры мелі адвагу зрабіць фестываль, калі не было ні грошай, ні мабільнікаў, таксама і зараз трэба было мець шмат адвагі, каб прыняць гэтае рашэнне. Рэч у тым, што мы проста не ў змозе цягнуць гэта далей, а не тое, што нам не хочацца. Спадзяюся, многія людзі нам вераць, што так трэба было.

РР: Цяпер пяройдзем да прыемнага. Сёлета нас чакае вялікая і важная імпрэза – 30-ты, юбілейны, фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча». Гэты фестываль, можна сказаць, Вы ўжо рыхтавалі даволі даўно. На гэты момант амаль усё на апошні гузік зашпілена?

Лідзія Пякарская: Так. Ужо маем вельмі многае. Зараз канец траўня, хутка фестываль, і ўсё ідзе спакойна. Таксама мяне вельмі цешыць тое, што мы настолькі добра ўсе сябе ведаем, што гэтая праца ідзе натуральна.

РР: Кожны ведае, што мае зрабіць.

Лідзія Пякарская: Так. І мы маем таксама многа малодшых сяброў, якія прыедуць на апошні тыдзень. Дарэчы, калі нехта хоча прыехаць і папрацаваць з намі апошні тыдзень, то запрашаем. Бо пісалі да нас людзі з Гародні, што хочуць прыехаць. Для нас гэта важна. Чым больш нас будзе – тым менш трэба будзе працаваць.

РР: Калі сачыць за вашымі старонкамі ў сацсетках, то можна ўжо даведацца, што прыедуць «Дзецюкі», «Крама», Лявон Вольскі. Іншых выступоўцаў Вы ўвесь час абвяшчаеце, таму пра праграму будзем менш гаварыць. Я маю яшчэ такое пытанне: ці юбілейнае «Басовішча» – гэта будзе яшчэ штосьці іншае? Зразумела, будзе конкурсная частка, выступоўцы, намётавае мястэчка. Будзе шмат і па-за сцэнай. Гэта ўсё нас чакае і, можа, штосьці яшчэ?

Лідзія Пякарская: Сёлета хочам больш заахвоціць людзей, каб прыйшлі на «БАСмежжа». Рыхтуем некалькі дадатковых падзеяў, якія, думаю, заахвоцяць людзей правесці больш часу не толькі на канцэртах. Плануем дыскусію. Пакуль яшчэ вырашаем, з кім яна пройдзе. Хочам падчас яе пагаварыць і пра Беларусь, і пра «Басовішча». Таксама хочам падрыхтаваць фільмы. Будзе беларуская інтэлектуальная гульня, якая некалькі гадоў таму ўсім спадабалася. Вядома, гэта не ўсё. Пра іншыя сюрпрызы пакуль гаварыць не буду, пакінем гэта як неспадзяванку на сам фестываль.

РР: Размаўляем таксама напярэдадні важнай падзеі, бо збіраюцца БАСаўцы ў Менск на “Адборышча”.

Лідзія Пякарская: Так. У пятніцу, 24 траўня, а 18 гадзіне пачынаецца “Адборышча” – другі этап конкурсу маладых гуртоў. І праходзіць ён будзе ў клубе “Берлін”. Запрашаем, бо спадзяемся, што будзе добры конкурс і цікава будзе паслухаць. Мы таксама там будзем, і з намі можна будзе паразмаўляць і задаць пытанні.

РР: Хочам нагадаць, што працягваецца збор сродкаў, таму, хто хоча фінансава дапамагчы ў арганізацыі юбілейнага фестывалю, яшчэ ёсць магчымасць далучыцца.

Лідзія Пякарская: Дакладна. Засталося больш за 20 дзён да канца інтэрнэт-збору. Мы ўжо сабралі 76% ад патрэбнай сумы. Уражаныя, што столькі людзей нам дапамагаюць. І шмат людзей далучылася, калі пачулі, што гэта апошні фестываль. Таму, калі хто можа, далучыцеся, бо для нас гэта вельмі важна. Нават 10 злотых. Бо сэрца радуецца, калі мы бачым, што больш за 11 тысяч злотых ужо змаглі сабраць. Шмат ананімных унёскаў. І гэта яшчэ прыемней, што нехта дапамагае, але не хоча гэта афішаваць. Такі дар сэрца. Неабходная сума – 15 тысяч злотых.

РР: Твае чаканні ад фестывальных дзён 19-20 ліпеня? З якімі пачуццямі ты хочаш прачнуцца 21-га?

Лідзія Пякарская: З усведамленнем таго, што мы зрабілі нешта добрае для людзей, што яны шчаслівыя. І, вядома, сумныя, бо скончылася “Басовішча”. І таксама хачу пабачыць людзей, якія даўно не былі на фестывалі.

Мне сёння напісаў адзін з першых арганізатараў фестывалю, што ён даўно не быў на “Басах” і пастараецца абавязкова прыехаць і “праслязіцца разам з намі”. Для мяне найважнейшае – гэта ведаць, што мы зрабілі нешта добрае, і людзі зразумеюць, чаму мы вырашылі завершыць фестываль. І сэрцам яны з намі.

З госцем Рацыі размаўляла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя