Уцякач з Луганска: У Расеі мы нікому не патрэбныя



Вось ужо амаль паўтары гады тапонімы «Данецк» і «Луганск» асацыююцца найперш з вайной, разбурэннямі і, вядома ж, з уцекачамі. Частка ўцекачоў за нейкі год здолелі адаптавацца да новых рэаліяў, частка, па-ранейшаму, спачувае сепаратыстам.

Як пачыналася вайна на Данбасе? Чаму ўцекачы са шчыра прамаскоўскімі поглядамі не хочуць ехаць у Расею? Чаму некаторыя з іх паехалі ў Беларусь, але потым расчараваліся?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война гутарыць з уцекачом з Луганска, які цяпер жыве ў Чарнігаўскай вобласці і які прасіў не называць яго імя.

Сам я з Луганска. Да вайны працаваў менеджэрам па продажах. Нешта падабалася, нешта не надта, але можна было жыць. Потым «бандэраўцы» зладзілі ў Кіеве той Майдан. Потым Майдан перакінуўся і на нас, што тая зараза. У нас, як і ў Кіеве, з’явіўся свой Антымайдан. Потым аднекуль прыехалі мянты, прытым не нашы, не луганскія, сто адсоткаў. Шмат каго пабілі, колькі чалавек, здаецца, нават забілі… Сам я не бачыў, але мае знаёмыя так казалі.

РР: Асабіста вы тады былі за каго – за Майдан ці за Антымайдан?

А нашто мне быць на чыімсьці баку? Ціхенька працую, займаюся сваёй справай, зарабляю грошы, і ўсё.

РР: Але ж далейшыя падзеі ў вас, у Луганску, паказалі, што нават тыя, хто ціхенька жыве і нікога не кранае, таксама могуць пацярпець.

Я вам так скажу: калі б не «бандэраўцы» са сваім Майданам, мы б жылі і надалей добра. Не было б ні вайны, ні ўцекачоў, ні трупаў, ні ўсяго, што там цяпер дзеецца. Не трэба было злаваць Расею!

РР: А вы памятаеце, як у Луганску ўсё пачыналася? Захоп абласнога СБУ, напрыклад. Чаму ў СБУ сцягнулі столькі зброі непасрэдна перад захопам? На ваш погляд – гэтаму можна было на самым пачатку неяк перашкодзіць?

Мяркую, што ўся зброя была завезеная ў СБУ папярэдне і наўмысна. Хто гэта зрабіў і навошта – не ведаю. Я чалавек маленькі, гэта не мая справа. Потым перад выбарамі прыехаў да нас Парашэнка, дык вось ён выступаў недзе ў кіламетры ад захопленага будынка СБУ. Чаму захопленае СБУ не штурмавалі? Напэўна, гэта было камусьці выгодна.

РР: А як падзеі разгортваліся далей?

Потым ЛНР пачало захоп адміністрацыйных і вайсковых аб’ектаў. Ім патрэбна была зброя. Танкаў і БТР-аў там амаль не было.

РР: А ўкраінскія вайскоўцы неяк перашкаджалі гэтым захопам?

Не, «укропы» амаль не стралялі. Ламалі зброю і сыходзілі. Ніхто з іх сябе ніяк не праявіў у абароне.

РР: А сепаратысты стралялі па ўкраінскіх вайскоўцах?

Маніць не стану — стралялі. Мой дом акурат насупраць вайсковай часткі. Дык у нас на даху быў снайпер, бачыў на ўласныя вочы.

РР: А потым што было?

На вуліцы выйшлі людзі, якія не хацелі глядзець на гэтае бязладдзе. Усе жадалі, каб нас абараніла Расея — магутная і вялікая краіна.

РР: І што: абараніла вас Расея?

Спачатку з’явіліся казакі, а потым і рэгулярныя часткі Расейскай Федэрацыі.

РР: То бок, вы самі вызнаеце, што на баку сепаратыстаў ваявалі расейскія вайскоўцы?

Дык гэта і так усе ведаюць! Праз наш горад ішлі і танкі, і грузавікі, і ўсё, што заўгодна. Усё рухалася на захад. Луганск стаў перавалачнай базай для расейскіх вайскоўцаў. Было вельмі шмат азіятаў – ці то буратаў, ці то якутаў…

РР: Іншымі словамі, вы скандавалі «Пуцін, увядзі войскі!», і тут ваша мара здзейснілася — Пуцін увёў войскі…  А як вайна прыйшла да вас у Луганск?

— Усё пачалося з таго, што захапілі наш аэрапорт. Там усё, на хрэн, разбамбілі, у тым аэрапорце. Потым быў рэферэндум пра стварэнне ЛНР. Сам я туды не хадзіў. А яно мне трэба?

РР: А калі асабіста вы вырашылі з’ехаць з Луганска?

— Калі пачаліся абстрэлы. Спярша, абстрэльвалі ўскраіны. Я сам жыў амаль у цэнтры, мяне гэта не кранала. А ўскраіны пацярпелі вельмі моцна. Хто там страляў з гарматаў – расейцы ці «укропы», не ведаю. Усе яны адзін аднаго вінавацяць. А потым Платніцкі, гэта які ў нас галоўны, вырашыў, што ўсіх мужчынаў трэба мабілізаваць у войска ЛНР. Я не дурны, вырашыў уцякаць. Даў хабар на нашым блокпосце, там добрыя людзі былі, мяне і прапусцілі. А маглі і машыну адабраць, і самога застрэліць, былі такія выпадкі.

РР: Вось вы ўвесь час кажаце: «бандэраўцы», «укропы»… А самі чамусь паехалі не ў Расейскую Федэрацыю, а ў Чарнігаўскую вобласць.

— А хто ўсю гэтую кашу з Майданам заварыў? Трэба было адразу дамаўляцца з нашым насельніцтвам і вырашаць усе пытанні. Так што цяпер нам дапамагаюць, калі вінаватыя. А ў Расеі мы нікому не патрэбныя. У мяне некалькі знаёмых туды пераехалі, дык іх пасялілі ў нейкай глухой вёсцы, дзе нават мабільная сувязь не бярэцца.

РР: А чаму вы абралі менавіта Чарнігаў?

— Мы спярша ў Беларусь хацелі паехаць. Думалі, што там ўсё, як у СССР. І зарплаты высокія, і «бацька» там у іх, і жывуць заможна. Паехаў туды мой сябрук, сказаў – як уладкуюся, адпішу. Нядаўна тэлефануе: маўляў, зарплаты вышэйшыя за ўкраінскія, гэта дакладна. Але і кошты значна вышэйшыя. Стаўленне да людзей яшчэ горшае, чым ва Украіне. Начальства для тых беларусаў – абсалютны бог, нават калі начальнік ідыёт. Вельмі багата стукачоў і мянтоў. Так што пакуль тут перакантуюся. Можа, і ў Луганск вярнуся. Галоўнае, каб у апалчэнне не мабілізавалі.

Украінскія актывісты неаднаразова наракалі на адсутнасць у краіне паўнамоцнай структуры, якая б дапамагала ўцекачам з Крыма і Данбаса адаптавацца да новых умоваў жыцця. Нягледзячы на ўсе размовы, такой структуры ва Украіне няма дагэтуль.

Гутарыў Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: zn.ua