“Увага! Мяжа” – выстава ў Беластоку
Каля 30 мастакоў з усходняй Еўропы і Польшчы – на адным мерапрыемстве ў Беластоку. У межах фестывалю “Усход культуры – Іншае вымярэнне” прэзентавалі выставу сучаснага мастацтва “Увага! Мяжа”. Працы мастакоў закраналі тэму мяжы ў розных сацыяльна-палітычных аспектах. У галерэі “Арсенал” можна паглядзець таксама працы беларускіх мастакоў. Гарадзенка Яна Шостак, якая вучыцца ў Варшаве, прапануе ў сваёй працы, каб польскае слова “uchodźca” замяніць словам-прозвішчам “nowak”:
– Я сябе таксама адчуваю «навачкай». Ува мне ёсць дзве крыві – беларуская і польская. Таму я адчуваю нейкую адказнасць таксама і за польскую мову. Калі я чую, што існуюць такія небяспечныя стэгматызацыі тых людзей, якія прыязджаюць, і тэарэтычна такія ж, як я, то мяне гэта непакоіць. І як уражліваму чалавеку мне хочацца з гэтым штосьці зрабіць.
Выстава сучаснага мастацтва “Увага! Мяжа” працуе да 13-га кастрычніка ў будынку старой электрастанцыі на вуліцы Электрычнай у Беластоку.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток