Ператрусы ў дамах крымскіх татараў (абноўлена)
Вобшукі прайшлі ў чатырох дамах крымскіх татараў у пасёлку Кальчугіна. Яны адбыліся ў рамках крымінальнай справы паводле падзеяў 3 траўня, калі крымскія татары сустракалі на адміністратыўнай мяжы ў Армянску свайго лідара Мустафу Джэмілева. Ячшэ адной прычынай вобшукаў у адным з дамоў стаў бытавы канфлікт, якія адбыўся некалькі месяцаў таму. Вобшукі працягваліся 2-3 гадзіны, шукалі зброю, наркотыкі і забароненую ў РФ ісламскую літаратуру. Паводле жыхароў, у дамах нічога не знайшлі. Тым не менш, праваахоўнікі забралі з сабой чатырох чалавек, па адным з кожнага дома, дзе праходзіў вобшук, паведамляе Агенцтва Крымскія навіны.
* * *
Праходзяць вобшукі ў дамах крымскіх татараў у пасёлку Кальчугіна Сімферопальскага раёна, куды прыехалі дзесяць машын з супрацоўнікамі праваахоўных органаў.
Напярэдадні амаль 12 гадзін працягваліся вобшукі ў будынку Меджлісу ў Сімферопалі. У гэтым будынку таксама знахозіцца офіс Фонду «Крым», які з’яўляецца ўласнікам, і газеты крымска-татарскага народу «Авдет».
Вынікам дзеянняў правааахоўнікаў стала канфіскацыя практычна ўсіх носьбітаў інфармацыі. У час ператрусу будынак быў поўнасцю заблакаваны, яго ахоўвалі аўтаматчыкі, побач стаяў аўтазак і супрацоўнікі «Беркуту». Пра гэта нам расказаў чалец Меджлісу, удзельнік нацыянальнага руху крымскіх татараў Заір Смядляеў:
– Пачыналі вобшукі з Меджлісу, а пазней праводзілі іх у офісе Фонду «Крым» без санкцыі на гэта, без адпаведных дакументаў. Іх вельмі цікавілі фінансавыя пытанні. Канфіскавалі практычна ўсе кампутары, цвёрдыя дыскі, сістэмны блок з камеры відэаназірання, бо там былі запісы нападаў на будынак Меджлісу. Асаблівай нейкая літаратуры там не было. Зламалі сейф народнага дэпутата Ўкраіны Мустафы Джэмілева, канфіскавалі яго асабістыя рэчы.
Паводле Заіра Cмядляева, усё гэта робіцца дзеля таго, каб паралізаваць працу Меджлісу крымска-татарскага народу. Кіраўніцтва Меджлісу плануе прыняць адпаведную заяву, і пры гэтым просіць суайчыннікаў устрымацца ад акцый пратэсту.
Фота unian.net
* * *
Будынак Меджлісу крымска-татарскага народу ў Сімферопалі надалей заблакаваны супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Сам будынак належыць дабрачыннай арганізацыі Фонд «Крым», у ім знаходзіцца таксама офіс газеты крымска-татарскага народу «Авдет». Паводле чальца Меджлісу, удзельніка нацыянальнага руху крымскіх татараў Заіра Смядляева, раней стала вядома пра пастанову суда на правядзенне вобшуку ў рэдакцыі газеты «ў сувязі з магчымай экстрэмісцкай дзейнасцю»:
– Блізу будынка стаіць аўтазак, машына з «Беркутам», будынак таксама ахоўваюць людзі з аўтаматамі. У будынку знаходзіцца генеральны дырэктар Фонда «Крым», гэта значыць уладальнік. Ён спрабуе адначасна назіраць за дзеяннямі праваахоўнікаў, каб тыя нічога «не падкінулі». Праводзяцца следчыя дзеянні, то бок вобшук. Рэдакцыя газеты «Авдет» знаходзіцца ў адным будынку з Меджлісам, таму фармальная нагода для пранікнення ў іх была, а далей яны пайшлі ўжо па іншым сцэнары.
Каля будынка Меджлісу пастаянна дзяжураць актывісты. На думку Заіра Смядляева, відавочна адбудзецца канфіскацыя ўсіх носьбітаў інфармацыі, каб нашкодзіць дзейнасці прадстаўнічага органа крымска-татарскага народу. Як мы паведамлялі раней, вобшукі прайшлі ў шэрагу чальцоў Меджлісу, а раней нават у адным з ліцэяў Сімферопаля, дзе навучаюцца дзеці крымскіх татараў.
* * *
Тут месціцца не толькі гэты прадстаўнічы орган, але таксама і рэдакцыя газеты крымска-татарскага народу «Авдет». Сярод сілавікоў ёсць людзі ў масках, вайсковай форме і з аўтаматамі, а таксама супрацоўнікі паліцыі, піша «Ўкраіньска правда».
Як паведаміў нашаму радыё намеснік старшыні прадстаўнічага органу крымскіх татараў Нарыман Джэлял, будынак поўнасцю блакаваны. Спачатку сілавікі заявілі пра нейкія следчыя дзеянні:
– Да нашага прадстаўніка, які знаходзіцца каля будынка Меджлісу, выйшаў адзін з супрацоўнікаў праваахоўных органаў і сказаў, каб не збіралі тут людзей. Каля будынка, дазнаўшыся пра тое, што адбываецца, пачалі збірацца нашыя суайчыннікі і калегі. Таксама гэты супрацоўнік сказаў, што яны хутка пакінуць будынак. У прынцыпе, гэты будынак належыць дабрачыннаму Фонду „Крым”, офіс Фонду таксама тут знаходзіцца. Гэта арганізацыя дапамае ў дзейнасці Меджлісу крымска-татарскага народу.
Пакуль у будынку знаходзіцца генеральны дырэктар дабрачыннай арганізацыі Фонд «Крым», які не выходзіць на сувязь. Раніцай у чальца Меджлісу – Ескендэра Барыева на кватэры адбыўся вобшук, у выніку якога была канфіскаваная кампутарная тэхніка. Напярэдадні на будынак Меджлісу ў Сімферопалі адбылося некалькі нападаў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svit24.net