Узмацняецца кантроль на ўнутраных межах Польшчы
Польшча часова, па 2-га жніўня, вярнула катроль у зоне Шэнген. Прагназуецца, што на працягу месяца ў краіну можа ўехаць ад 2 – да 2,5 мільёнаў грамадзян іншых дзяржаў.
Расказвае прэс-сакратар Падляшскага аддзялення Памежнай службы, маёр Катажына Здановіч:
– Быў уведзены часовы кантроль на ўнутраных межах – гэта значыць на межах з Чэхіяй, Германіяй, Літвой, Славакіяй, а таксама ў марскіх партах і аэрапортах. Кантроль уводзіцца ў сувязі з самітам НАТА і Сусветнымі днямі моладзі, якія будуць адбывацца ў ліпені.
Цяпер на ўнутранай мяжы Еўразвяза трэба абавязкова мець дакументы, якія пацвярджаюць асобу. “Але гэта не азначае, што будуць даглядаць усіх, хто перасякае мяжу”, – тлумачыць Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Блашчак, у падпарадкаванні якому знаходзяцца памежныя службы:
– Праверкі будуць праводзіцца па прынцыпу ацэнкі рызыкі, таму будуць правяраць не кожнага, хто перасякае мяжу, а выбарачна.
“У той самы час на польска-беларускай мяжы – ніякіх зменаў не плануецца – кантроль праводзіцца ў звычайным рэжыме”, – запэўнівае маёр Катажына Здановіч:
– Часовае вяртанне кантролю датычыць толькі ўнутранай мяжы. Падляшскае ваяводства мяжуе з Літвой. Калі ідзе пра знешнія еўразвязаўскія межы, мяжу польска-беларускую, то ніякіх зменаў не будзе, кантроль будузе праводзіцца так жа, як і дагэтуль.
Адзіная змена на польска-беларускай мяжы гэта тое, што асобы, якія накіроўваюцца на Сусветныя дні моладзі – могуць загадзя паведаміць на мяжу пра свой прыезд. У гэтым выпадку іх накіруюць на асобны канал, і яны хутчэй пройдуць усе памежныя працэдуры.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя