V дыпламатычны фестываль у Беластоку



Пяты дыпламатычны фестываль стартаваў у Беластоку. На працягу некалькіх дзён, з 24 па 28 лютага, палітыкі, дыпламаты, навукоўцы і даследчыкі будуць з розных бакоў абмяркоўваць галоўную тэму – “Польшча. Еўропа. Азія”.

Як кажа праграмны дырэктар фестывалю Марта Бжазоўская, адна з галоўных мэтаў мерапрыемства – гэта адукацыя, таму сярод слухачоў шмат ліцэістаў і студэнтаў:

– Веды – гэта падстава і каштоўнасць, якую цяжка пераацаніць. Падчас фестывалю мы намагаемся пашыраць веды пра міжнародныя стасункі, пра добрыя практыкі ў дыпламатыі. Таму адукацыя – гэта галоўная мэта нашага мерапрыемства. Пры гэтым з году ў год мы маем усё большую колькасць як гасцей, так і ўдзельнікаў. І маем надзею, што папулярнасць фестывалю і надалей будзе расці.

У першы дзень фестывалю з інаўгурацыйнай прамовай выступіў старшыня Еўрапейскай народнай партыі, былы польскі прэм’ер і былы старшыня Рады Еўропы – Дональд Туск.

Старшыня Еўрапейскай народнай партыі Дональд Туск пачаў пяты дыпламатычны фестываль у Беластоку. Калі падчас інаўгурацыйнай прамовы ён збольшага закранаў геапалітычныя пытанні, то пазней, падчас брыфінгу, ахвотна гаварыў на тэму польскай палітыкі. У прыватнасці, ён заявіў, што падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі сваю падтрымку аддае кандыдату ад апазіцыйнай партыі “Грамадзянская платформа” – Малгажаце Кідава-Блонскай. Кажа Дональд Туск:

– Яна той кандыдат, якога я буду падтрымліваць з усіх сілаў і з усяго сэрца, але, канешне, толькі такім чынам, якія яна сама захоча. Паміж намі ёсць выразная дамова: кандыдатам у прэзідэнты ёсць Малгажата Кідава-Блонская, і спадарыня маршалак будзе вырашаць, чаго яна патрабуе, а чаго яна не патрабуе.

Паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, дзейны прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, які кандыдуе на другі прэзідэнцкі тэрмін, не набірае патрэбных 50 працэнтаў галасоў у першым туры выбараў. Працягвае Дональд Туск:

– Пытанне, колькі працэнтаў набярэ той ці іншы контр-кандыдат, вельмі зменлівае ў сацыялагічных апытаннях. Але адно, што выглядае абсалютна пэўным, і што вынікае з усіх сацапытанняў, гэта тое, што прэзідэнт Дуда на сёння не мае падтрымкі 50 працэнтаў палякаў. Таму перамога над ім – гэта ўжо не міраж і не нейкія мары “слабой апазіцыі”. Гэта ўжо стала фактам, палітычным і грамадскім. Не значная, але выразная большасць палякаў хацела б іншага прэзідэнта. Таму першы тур прэзідэнцкіх выбараў будзе ў пэўным сэнсе правыбарамі.

Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы пройдуць 10 траўня. Дональд Туск раней быў прэм’ер-міністрам Польшчы, старшынём партыі “Грамадзянская платформа”, а таксама на працягу двух тэрмінаў старшынём Рады Еўропы.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя