Сутыкненні ля сцен Вярхоўнай Рады ў Дзень УПА (абноўлена)



14 кастрычніка ля будынку Вярхоўнай Рады сабраліся актывісты, якія патрабавалі прыняцця пакета антыкарупцыйных законаў. Каля поўдня пад парламентам пачаліся сутыкненні: невядомыя сталі кідаць дымавыя шашкі, адкрылі агонь па вокнах Вярхоўнай Рады. Аляксандр Турчынаў зачыніў пасяджэнне парламента,  адзначыўшы, што пад сценамі ВР пачаліся „правакацыі”.

„Свабода” і „Правы сектар” паведамілі пра сваю недатычнасць да правакацый. Алег Цягнібок заявіў, што ўсе беспарадкі – справа рук Віктара Медведчука. Дэпутат ад фракцыі „Батьківщина” Уладзімір Ар’еў упэўнены, што бойку пад Вярхоўнай Радай зладзіла арганізацыя Дзмітрыя Карчынскага. Сам Карчынскі гэтыя абвінавачванні абверг, паведамляе gordonua.com.

Пазней Алег Цягнібок заявіў, што ўдзельнікі Маршу УПА, які праводзіла ВА «Свабода» ў падтрымку законапраекта аб прызнанні АУН-УПА пад сценамі парламента, лакалізавалі правакатараў і перадалі праваахоўнікам.

* * *

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка пастанавіў 14 кастрычніка штогод адзначаць Дзень абаронцы Украіны. Таксама Парашэнка прызнаў страціўшым дзеянне ўказ ад 23 лютага 1999 года №202, гэтым указам ўсталёўвалася святкаванне 23 лютага Дня абаронцы Айчыны.

У  Кіеве пачаліся мерапрыемствы з нагоды 72-й гадавіны Украінскай паўстанцкай арміі, Дня ўкраінскага казацтва і свята Пакрова. Усеўкраінскае аб’яднанне «Свабода» з гэтай нагоды праводзіць у цэнтры Кіева марш. Акцыя пачынаецца з мітынгу на Майдане Незалежнасці, пасля калона рушыць па Хрэшчаціку да Еўрапейскай плошчы і вуліцы Грушэўскага. Заяўка пададзеная на ўдзел у мерапрыемстве 20 тысяч чалавек. Паводле заяўкі, пры праходжанні калоны будзе занятая ўся праезная частка па названым маршруце.

Як паведамляе агенства УНІАН, будынак Вярхоўнай Рады, дзе сёння павінна адбыцца пленарнае пасяджэнне, ахоўваюць сотні міліцыянтаў і байцоў добраахвотніцкіх батальёнаў. Перад цэнтральным уваходам ва ўкраінскі парламент на плошчы Канстытуцыі праходзіць акцыя, удзельнікі якой патрабуюць правядзення люстрацыі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота  УНІАН