Ва Украіне пачнуць штрафаваць за прапагандысцкае расейскае кіно



З 5 чэрвеня ва Украіне набыў сілу закон, які забараняе дэманстрацыю тэлевезійных фільмаў і серыялаў, якія прапагандуюць дзяржаўныя органы краіны-агрэсара і савецкіх спецслужбаў, а таксама апраўдваюць анексію Крыма і захоп Данбаса. Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:

– Усяго ў спісе, апублікаваным на сайце Дзяржаўнага агенцтва Украіны па пытаннях кінематаграфіі, 160 расейскіх стужак. Гэта пераважна фільмы пра расейскіх спецназаўцаў, супрацоўнікаў ФСБ і міліцыі, а таксама пра крымінальнікаў. Вось тыповыя назвы расейскіх серыялаў і фільмаў, забароненых для дэманстрацыі ва Украіне: “Дэсантура”, “Каралева бандытаў”, “Лягавы”, “Сям’я маньяка Бяляева”.

Тэлеканалы, якія парушаць забарону, будуць змушаны заплаціць штраф 17 000 грыўняў (каля 880 даляраў) першы раз і 70 000 грыўняў (3200 даляраў) –  другі. Пры трэцім парушэнні тэлеканал могуць пазбавіць ліцэнзіі.

Мяркуецца, што замест расейскіх серыялаў украінскім тэлегледачам запрапануюць кінапрадукцыю Польшчы і Турэччыны. Але найбольшая ўвага будзе нададзеная вытворчасці ўкраінскіх фільмаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Украіна