Ва Украіне прагучалі апошнія школьныя званкі
Гэты дзень адзначалі па ўсёй тэрыторыі краіны, у тым ліку і ў непрызнаных рэспубліках на ўсходзе.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Ці не галоўны трэнд сёлетніх школьных лінеек – “вышыванкі”. Упершыню за ўсю ўкраінскую гісторыю школьнікі апранулі нацыянальныя строі так масава.
У адной са школаў Кіраваграда выпускнікі пачалі святочную лінейку з ускладання кветак да помніка сябру, які нядаўна загінуў у АТА. У некаторых львоўскіх школах адмовіліся ад традыцыйных кветак, а грошы, якія папярэдне планаваліся на іх прыдбанне, скіравалі ў фонд дапамогі ўкраінскай арміі. У Славянску на свяце апошняга званка прысутнічаў прэзідэнт Парашэнка.
У непрызнаных рэспубліках на ўсходзе Украіны таксама прагучаў апошні званок. У Данецку перад выпускнікамі школ выступіў дэпутат Дзяржаўнай думы РФ і спявак Іосіф Кабзон, які назваў жыхароў Кіева “катамі”. Выпускнікі данецкіх школ былі апранутыя ў расейскія касавароткі з хахламой, а выпускніцы – ў какошнікі. У Луганску на свяце пераважала савецкая сімволіка і піянерская форма.
І ў Данецку, і ў Луганску гучалі заклікі “дайсці да Львова”, а таксама праклёны Украіне, Еўразвязу і Злучаным Штатам Амерыкі.
Радыё Рацыя, Марцін Война, Украіна
Фота krymr.org