Ва Украіне ствараецца беларускі атрад “Пагоня”
Атрад пад назвай „Пагоня” фарміруецца ў Валынскай вобласці Украіны для падрыхтоўкі грамадзян Беларусі, якія хочуць далучыцца да ўкраінскіх добраахвотніцкіх батальёнаў „Айдар”, „Азоў” і „Данбас” на ўсходзе краіны.
Пра гэта паведаміў намеснік кіраўніка Валынскага абласнога савета Ігар Гузь.
“Усе жадаючыя змогуць прыязджаць, праходзіць навучанне і будуць накіроўвацца ў добраахвотніцкія батальёны, якія зараз на фронце”, – адзначыў ён.
Адзін з беларусаў, які пражывае ва Украіне, паведаміў нашаму радыё, што сярод маладых людзей вельмі паулярная ідэя падтрымкі незалежнасці Украіны:
– Гэта зараз даволі папулярна. І, дарэчы, вельмі шмат беларусаў ёсць у батальёне “Данбас”. І вось на яго базе будзе створана рота “Менск”. Хочуць яшчэ стварыць і асобны батальён беларусаў.
Зараз падрыхтоўку ва Украіне праходзяць пяцёра беларусаў. Ініцыятыва стварэння атрада „Пагоня” не з’яўляецца дзяржаўнай.
Антытэрарыстычная аперацыя на ўсходзе Украіны працягваецца. Паводле апошніх звестак украінскіх СМІ, ад сепаратыстаў поўнасцю вызваленыя гарады Славянск і Краматорск Данецкай вобласці.
[youtube id=”gLk26MG3bDM”]
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота РАР