Ва Украіне святкуюць перамогу Джамалы на Еўрабачанні
Пераможцу ўжо павіншавалі ўсе ўкраінскія высокапасадоўцы на чале з прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам, міністр культуры паабяцаў прысвоіць Джамале ганаровае званне Народнай артысткі Украіны. У кіеўскім аэрапорце Барыспаль спявачку сустракалі сотні прыхільнікаў і дзясяткі журналістаў.
А што дае гэтая перамога самім украінцам?
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война апытаў жыхароў Чарнігава, папулярнага ў беларускіх турыстаў.
Людміла Буглак, хатняя гаспадыня: Мы ўсе хваляваліся за Джамалу і неверагодна ўзрадаваліся ейнай перамозе. Мяркую, што цяпер пра Украіну ў тым жа Еўразвязе дазнаюцца больш і з лепшага боку. Памятаеце рэферэндум у Нідэрландах? Тады большасць выказалася супраць нашай краіны. Чаму? Таму, пэўна, што пра нас сапраўды мала ведаюць. Якую інфармацыю чуюць пра Украіну? Што ў нас вайна, баявікі з розных ДНР-ЛНР, параненыя, страты на вайне, ну, і карупцыя… Але ж Украіне – не толькі вайна, але і свае традыцыі, свае культурныя здабыткі. Спадзяюся, што і ў вас, у Беларусі стаўленне да нас цяпер палепшыцца, бо Украіне – не толькі вайна, але і нешта чыстае і светлае…
Валянціна Шаўчэнка, дварнічыха: Першае месца Джамала ўзяла – ну і выдатна. Расею абагналі, Беларусь абагналі – ужо добра. Уся Еўропа дазналася праз Джамалу пра Украіну!..
Ірына Лаўрэнок, пенсіянерка: Калі ўкраінцы займаюць у Еўропе першыя месцы – хіба гэта пагана? Для нас гэта вялізны плюс, хай не думаюць, што мы нічога не вартыя!..
Сяргей Міргародскі, адстаўны вайсковец: Мне вельмі і вельмі прыемна, што здабыла перамогу Джамала! Гэта перамога не толькі спявачкі, але і нашай краіны. Я б нават сказаў – палітычная перамога. Пра Ўкраіну ў той жа Еўропе сапраўды мала ведаюць. Некаторыя, пэўна, дагэтуль даюць веры, што мы, нібыта “адно цэлае з Расеяй”. Але ж у нас ёсць уласныя традыцыі, свая культурная спадчына. Урэшце рэшт, Украіна – шматкультурная і шматнацыянальная. Тая ж Джамала – з крымскіх татараў… То хай цяпер ведаюць.
Лідзія Шылава, пенсіянерка: Яна такую песню спела: «1944 год»! І прадстаўнікі шмат якіх краін прыхільна да яе паставіліся, што мяне вельмі і вельмі цешыць…
Аляксандра Сідзько: Дзякуючы гэтай перамозе Украіна зацвердзілася і паказала, што ў яе ёсць такія таленты. Асабіста мяне больш за ўсё падкупіла патрыятычнасць Джамалы…
Іван Квак, студэнт чарнігаўскай Палітэхнікі: Цяпер у нашай краіне эканамічны крызіс, людзі не ўпэўненыя ў заўтрашнім дне. Можа, хоць гэтая перамога дадасць нам гордасці за нашу краіну. Вельмі і вельмі хачу, каб наступнае Еўрабачанне, права на правядзенне якога наша дзяржава атрымала, прайшло ў вызваленым нашым украінскім Крыму!
Тым часам ва Украіне ўжо думаюць, дзе праводзіць Еўрабачанне-2017. Сакратар Рады бяспекі і абароны Аляксандр Турчынаў запэўнівае, што ўкраінцы здольныя забяспечыць умовы для ўдзельнікаў Еўрабачання і шматлікіх гасцей не горш, чым у Швецыі.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя