Ва Украіне ўшануюць памяць Зоські Верас
Ва Украіне плануецца ўсталяваць памятны знак, прысвечаны Зосьцы Верас.
Людвіга Сівіцкая-Войцік, якая ўвайшла ў гісторыю нашай літаратуры пад паэтычным псеўданімам Зоська Верас, нарадзілася ў 1892 годзе ў Меджыбожы, што цяпер у Хмяльніцкай вобласці, у сям’і вайскоўца. Згодна даследванням, якія правёў наш зямляк а. Сяргей (Горбік), святар Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага патрыярхату, Зоську Верас ахрысцілі ў царкве свяціцеля Міколы Цудатворца, якая знаходзіцца на тэрыторыі Меджыбожскай фартэцыі.
Царква Св. Мікалая ў фартэцыі Меджыбожа, дзе хрысцілі Зоську Верас
Пра ўшанаванне нашай паэткі на Хмяльніччыне распавядае ініцыятар гэтых захадаў, а. Сяргей:
– На сцяне царквы будзе ўсталяваная мемарыяльная пліта беларускай і ўкраінская мовамі, якая і засведчыць, што ў тае царкве была ахрышчаная адна з нацыянальных паэтак Беларусі. Я гаварыў і з дырэктарам тамтэйшага музея. Ён папрасіў звярнуцца да беларускай грамады – дапамагчы зрабіць адмысловы стэнд, прысвечаны Зосьцы Верас.
Ініцыятыва а. Сяргей (Горбіка) была прыхільна сустрэтая і Украінскай Праваслаўнай царквой Кіеўскага патрыярхату. Яе блаславіў Уладыка Хмяльніцкі і Камянец-Падольскі Антоній (Махота).
Беларускае Радыё Рацыя