Ва Украіне ўводзяцца новыя ідэнтыфікатары асобы
Ва Украіне ўводзяцца новыя ідэнтыфікатары асобы – ID-пашпарты, якія па хуткім часе павінны замяніць звыклыя папяровыя дакументы. Пры гэтым атрыманне электронных ідэнтыфікатараў не стане абавязковым – кожны грамадзянін Украіны сам мае абіраць, які дакумент яму больш даспабоды: звыклы пашпарт ці пластыковая ID-картка.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Сучасны ўкраінскі пашпарт быў распрацаваны напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Ані яго дызайн, ані ступені абароны ад падробак не адпавядаюць сучасным патрабаванням. Электронныя ID-карты і павінны вырашыць праблему.
Новыя ідынтыфікатары вельмі падобныя электронны dowód osobisty, прынятыя ў Польшчы. Украінскія ID-карты здольныя змясціць у сябе каля 400 кілабайт інфармацыі. Гэта можа быць не толькі асабістая інфармацыя, як у анульнаграмадзянскім пашпарце, але і біаметрычныя дадзеныя, медычная картка, а таксама дакументацыя з падаткавая службы.
Ёсць у новых картак яшчэ адна перавага – іх практычна немагчыма падрабіць. Электронныя дакументы будуць вырабляцца на дзяржаўным паліграфкамбінаце “Украіна”. Пакуль плануецца выпускаць каля 45 тысяч картак у суткі.
Мяркуецца, што каштаваць новая ID-карта будзе каля 160 грыўняў, то бок каля 7 даляраў. Новыя электронныя дакументы ўкраінцы змогуць аформіць ужо з 1 студзеня 2016 года.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя