Ва Украіне за перашкоду працаваць журналісту цяпер можна трапіць у турму



Ва Украіне ўзмацнілі адказнасць за перашкоду працы журналістам. Адпаведны закон падпісаў Пятро Парашэнка.

Цяпер нават звычайныя пагрозы журналісту, які выконвае прафесійныя абавязкі, караюцца папраўчымі працамі на два гады ці пазбаўленнем волі да трох гадоў. “Лёгкія цялесныя пашкоджанні”, нанесеныя прадстаўнікам медыя, караюцца турэмным тэрміным да пяці гадоў. Калі журналісту замінала працаваць “арганізаваная група”, то тэрмін зняволення складзе ад 7 да 14 гадоў. Найбольш сувора ацэньваюцца новым законам “захоп журналіста ў закладнікі” – за такое перадугледжанае пакаранне ад 8 да 15 гадоў турмы, і “забойства ці спроба забойства журналістаў, а таксама іх родных і членаў іх сем’яў” – за падобнае злачынства можна атрымаць ад 9 да 15 гадоў.

У разе ранення ці гвалтоўнай смерці супрацоўніка СМІ падчас выканання ім прафесійных абавязкаў, перадугледжана грашовая дапамога сям’і ад дзяржавы.

Толькі за 2014 год ва Украіне загінула 8 журналістаў – і мясцовых, і замежных. Яшчэ трое загінулі ўжо сёлета. Большасць ахвяраў прыходзіцца на зону Антытэрарыстычнай аперацыі. Усяго за час АТА у палоне баявікоў пабывала каля 40 журналістаў, некаторыя знаходзяцца ў палоне і пагэтуль.

Для Беларускага Радыё Рацыя – Марцін Война, Украіна. 

Фота  iStockphoto