Ва ўкраінска-беларускім сумежжы актывізаваліся змеі
Гэта тычыцца найперш паўночных раёнаў Чарнігаўшчыны, што мяжуюць з Гомельскай вобласцю. Паўзуны масава з’яўляюцца не толькі ў вёсках, але і на заправачных станцыях, і нават у буйных райцэнтрах.
Спецыялісты называюць галоўнай прычынай актыўнасці паўзуноў анамальную спёку, што пануе ва ўкраінска-беларускім сумежжы вось ужо колькі тыдняў. Вадаёмы перасыхаюць, і гэта прымушае паўзуноў шукаць новыя крыніцы вады. Змеяў вабяць ірыгацыйныя каналы, стаўкі, студні і нават вясковыя парнікі з сістэмай паліву. Акрамя бясшкодных вужакаў і мядзянак, у сумежжы назіраюць таксама гадзюк, чые ўкусы могуць прывесці да часовай страты свядомасці.
Укусы гадзюк не смяротныя, але ж калі чалавек стаў яе ахвярай, варта неадкладна звярнуцца па медычную дапамогу.
Мяркуецца, што нашэсце змеяў у сумежных з Беларуссю раёнах Чарнігаўшчыны скончыцца пасля першых дажджоў.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
