Ва Уроцлаве ўрачыста адкрылі мурал салідарнасці з Беларуссю
5 чэрвеня а 11-ай раніцы ў польскім Уроцлаве пры ўдзеле ўладаў горада адбылося ўрачыстае адкрыццё муралу салідарнасці з Беларуссю.
На акцыі прысутнічала галоўная лідарка беларускага пратэсту — Святлана Ціханоўская.
“Рэжым спрабуе нас знішчыць, але ён не прыносіць з сабой ніякай будучыні, а стварэнне чагосьці дае нам гэтую будучыню, і ў гэтым мы, беларусы, вельмі моцныя. У кожнай такой фрэсцы, альбо ў кожнай новай песні і вершы раскрываецца новая Беларусь”, — выказалася Святлана.
Сам мурал, распрацаваны беларускай мастачкай Ганнай Радзько, паўстаў яшчэ некалькі месяцаў таму пасля атрымання беларускай апазіцыяй прэміі Сахарава, але праз пандэмію каронавірусу афіцыйнае адкрыццё было перанесена. На акцыю прыйшлі некалькі сотняў беларусаў.
“Жанчына на сцяне — гэта сукупнасць усіх жанчын, якія змагаюцца за свабоду Беларусі. Для нас гэта вельмі важна, таму што мы ведаем — мы не адны, мы можам разлічваць на падтрымку”,— выказаліся прысутныя беларусы.
Мурал знаходзіцца пры адной з найбольш важных вуліц Уроцлава —Легніцкай, дзякуючы чаму жыхары Уроцлава штодзённа будуць захапляцца творчасцю беларускай мастачкі.
Канстанцін Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, Уроцлаў